Трэцякласнік зрабіў мульцік пра беларускі арнамент



Цягам двух тыдняў Міхась Зелянко разам з маці маляваў мультфільм. Дзіцячая анімацыя нечакана для самога хлопца атрымала розгалас у інтэрнэце. Хвілінны вучнёўскі ролік ужо назбіраў больш за сямнаццаць тысяч праглядаў.

Вучань трэцяга класу ажывіў культурную спадчыну Беларусі. Для школьнага конкурсу дзевяцігадовы Міхась зрабіў анімацыю беларускага старадаўняга арнаменту. Маці Міхася – прафесійная мастачка-аніматарка – кансультавала сына, асноўную ж частку працы хлопец выканаў самастойна.

«Спачатку я маляваў арнаменты, потым я запісваў гук на свой тэлефон, фоткаў гэтыя арнаменты. Выбраў нейкую музыку, падставіў таксама, зрабіў, каб арнаменты круціліся, плаўна з’яўляліся», – распавядае Міхась.

Для працы над мультфільмам малому мастаку давялося не толькі маляваць на паперы, а яшчэ і засвоіць кампʼютарныя праграмы – «Фоташоп», «СОні ВЭґас» – ды пазнаёміцца з асновамі мантажу відэа».

Праца Міхася не перамагла ў конкурсе, але займела сваіх прыхільнікаў. У «Фэйсбуку» ролік пра беларускі арнамент збірае сотні каментароў і падабаек.

«Я ў «Фэйсбуку» вывесіла гэты мультфільм, бо мы з Мішам доўга яго рабілі. Уся інфармацыя, якою мы ў дваіх з Мішам карысталіся, была ўзятая з інтэрнэту. Я разумею, што яна не заўжды абʼектыўная. Калі нейкая інфармацыя пра знак супярэчлівая, ці патрабуе ўдакладнення – я гатовая ўдакладніць», – кажа мама хлопчыка Марына Карпава.

Адныя хваляць ролік за выразныя малюнкі і дасціпны аповед пра архаічныя знакі ды сімвалы, нехта ж закідае хлопцу недакладнасць у трактаванні старадаўніх арнаментаў. Міхась жа спакойна ўспрымае кампліменты і крытычныя водгукі ды пры нагодзе гатовы зрабіць другую частку «Культурнай спадчыны Беларусі», удакладніўшы і дапрацаваўшы пры неабходнасці.

Андрусь Такінданг, «Белсат»

Глядзі таксама