Трамп пераследуе «памочнікаў Ірану» – пры чым тут Беларусь?


Злучаныя Штаты не дапусцяць, каб Іран меў ядравую бомбу. Пра гэта сёння на Радзе бяспекі ААН заявіў Доналд Трамп, ды паабяцаў іранскаму рэжыму яшчэ мацнейшыя санкцыі. А калі нейкая краіна ці чалавек паспрабуе абыйсці гэтыя санкцыі, таму Трамп паабяцаў сур‘ёзныя наступствы.

Наколькі важная для свету сесія Генеральнай асамблеі ААН, адчувае кожны жыхар Нью-Ёрку. Сотні палітыкаў – і кожны са світай, паліцыя і берагавая ахова на падыходах да будынку Аб‘яднаных Нацыяў ды цэлае войска журналістаў з увагаю да кожнай дробязі. Гэтак, свет абляцелі здымкі канфузу расейскай дэлегацыі падчас сустрэчы з Фэдэрыкаю Магерыні. Кіраўніца дыпламатыі Еўразвязу рашуча адмаўлялася ад пачастунку Васілія Нябензі.

Федэрыка Магерыні: «Як бачу, вы ўжо маеце каву».

Васілій Нябензя: «Давайце я падзялюся сваім кубкам».

Федэрыка Магерыні: «Не-не, калі ласка, не трэба. Калі ласка, не трэба».

Журналісты, вядома, звязалі гэта з выкарыстаннем расейскага атрутнага рэчыва «Новичок» на тэрыторыі Вялікай Брытаніі. Узгадалі і палоній, з дапамогаю якога расейскія спецслужбы забілі ў Лондане перабежчыка Аляксандра Літвіненку. Але самым аглядальным па ўсім свеце стаў сённяшні выступ прэзідэнта ЗША на адмысловым брыфінгу Рады бяспекі ААН – першы для Доналда Трампа і вельмі рэзкі адносна аўтарытарных рэжымаў.

Доналд Трамп, прэзідэнт ЗША:

«Пытанне тэрміновай важнасці: супрацьдзеянне распаўсюду смяротнага хімічнай, біялагічнай і ядравай зброі ды сродкаў іх дастаўкі».

Перш за ўсё, Трамп меў на ўвазе ўжыванне хімічнай зброі супраць жылых кварталаў войскамі Башара аль-Асада, якіх забяспечваюць Масква і Тэгеран. Прэзідэнт ЗША нагадаў, што амерыканскія войскі разам з саюзнікамі з НАТО ўжо рэагавалі на хімічныя атакі, накіраваныя на мірных жыхароў Сірыі.

Доналд Трамп, прэзідэнт ЗША:

«Рэжым Башара аль-Асада працягвае масавыя забойствы пры падтрыманні Расеі ды Ірану. Іранскі рэжым экспартуе гвалт, тэрор і хаос. Ён незаконна закупіў абсталяванне для распрацоўвання сваёй праграмы балістычных ракетаў ды распаўсюджвае гэтыя ракеты па ўсім Блізкім Усходзе».

Сёння ж, перад выступам Доналда Трампа, Злучаныя Штаты пашырылі чорны спіс кампаніяў, якія пагражаюць іх нацыянальнай бяспецы. З 16 фірмаў, што цяпер трапілі пад санкцыі, 12 – расейскія, звязаныя з ваенна-прамысловым комплексам і камп‘ютарнымі тэхналогіямі. Паводле Вашынгтону, яны датычныя да расейскай ваеннай агрэсіі ды зламыснай дзейнасці расейскіх хакераў.

Яшчэ 2 кампаніі з чорнага спісу зарэгістраваныя ў Беларусі. Гэта Mohammad Ghassem Najafi і «NILCO GROUP». Абедзве маюць адрас насупраць Драздоў, у будынку Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Кампанія «NILCO GROUP», апроч менскага, мае прадстаўніцтвы ў Маскве і Тэгеране ды займаецца міжнародным гандлем, транспартавымі і партовымі паслугамі.

Злучаныя Штаты лічаць Mohammad Ghassem Najafi і «NILCO GROUP» удзельнікамі той самай іранскай ракетнай праграмы. І менавіта іранскія склады з ракетамі, схаваныя ў Сірыі, рэгулярна бамбіць ізраільская авіяцыя. Бэньямін Нэтаньягу, прэм’ер-міністр Ізраілю:

«За апошнія 3 гады Ізраіль быў вельмі паспяховы ў перадухіленні як устанаўлення іранскай вайсковай прысутнасці ў Сірыі, гэтак і спробаў перадачы лятальнай зброі руху «Хізбула» ў Ліване».

Паводле прэзідэнта ЗША, адмена санкцыяў супраць Ірану ў 2015 годзе стала «нечаканым падарункам іранскім уладам» і дазволіла ім павялічыць ваенны бюджэт амаль на 40 %. Цяпер Доналд Трамп абяцае «выправіць памылкі папярэдняй адміністрацыі».

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: REUTERS / Eduardo Munoz / FORUM