Трагедыя ў Стоўбцах. Распачаўся суд аб падвойным забойстве ў школе


На лаве – дзесяцікласнік, які, паводле следства, забіў настаўніцу і 11-класніка ды параніў яшчэ дваіх школьнікаў.

Стоўбцы ізноў у цэнтры ўвагі ўсёй краіны. Сёння ў будынку мясцовага суда пачалі разглядаць справу пра падвойнае забойства ў школе. 16-гадовага школьніка абвінавачваюць у забойстве настаўніцы і вучня. Жыхары Стоўбцаў кажуць:

«Што яго змусіла, чаму гэта ўсё здарылася? Гэта хацелася б даведацца. І ўсё. Усе цяпер сядзяць у інтэрнэце, глядзяць, і ўсе чакаюць рашэння».

«Што ў яго ў галаве заклінавала – не ведаю. Пра яго і бацькі казалі добрае, а што здарылася, нікому пакуль не зразумела».

Трагедыя здарылася 11 лютага ў стаўбцоўскай школе нумар два. Вучань 10 класу ўдарыў нажом настаўніцу гісторыі Марыну Пархімовіч і 11-класніка Аляксандра Раманава, абое памерлі на месцы. Яшчэ двух вучняў абвінавачаны параніў, пасля чаго ўцёк. Яго знайшлі праз некалькі гадзінаў. Пацярпелымі ў справе прызналі двух чалавек – мужа загінулай настаўніцы і бацьку забітага адзінаццацікласніка.

Справу разглядае Менскі абласны суд на выязным паседжанні ў закрытым рэжыме, у залу пускаюць толькі зацікаўленыя бакі, працаўнікоў суда і сведкаў. Закрыты працэс афіцыйна тлумачаць тым, што на момант здзяйснення злачынства хлопцу не было 16 гадоў. А таксама тым, што ў матэрыялах справы ўтрымліваюцца звесткі пра стан ягонага здароўя, якія складаюць лекарскую таямніцу.

Жыхары Стоўбцаў спачуваюць усім, каго закранула трагедыя:

«Ужо ж зразумела, што ў чалавека жыццё зламанае, бацькам таксама нявесела пасля такога – і загінулага, і гэтага хлопца».

«Не хочацца ўваходзіць у крайнасці, казаць, што ён такі кепскі. У яго і псіхіка няўстойлівая яшчэ, ён яшчэ зусім маленькі, таму не сказала б адразу, што ён такі ліхадзей».

«Вельмі шкадуюць і хлопчыка, і другога хлопчыка, і ўсіх шкадуюць, у каго разбураныя жыцці, нам вельмі шкада іх усіх».

Колькі працягнецца разгляд справы – невядома. На працэс у якасці сведкаў будуць выклікаць настаўнікаў і вучняў школы, дзе здарылася трагедыя. За забойства двух і больш чалавек і за спробу забойства нападніку могуць прысудзіць да 13 гадоў турмы.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Фота: Natalia Fedeosenko / TASS / Forum