Аб'ектыў 06.04.2019 Трагедыя сталінскага тэрору, якую немагчыма забыць


Трагедыя, якой немагчыма забыць. Тысяча дзевяцьсот трыццаць сёмы. Без тлумачэння прычынаў, без следства, прыехаў чорны варанок НКВД, сказалі збірацца. Таццяніна бабуля заўжды плакала, калі распавядала пра сваю маці Рузалію Ржэуцкую.

«Бабуля заўжды ўзгадвала ў маім дзяцінстве, што яна збіраецца, дзеці ў яе пытаюцца, «Мама, куды ты?», страшна было, незнаёмыя людзі, машына, «Ну дзеткі, не перажывайце, я хутка вярнуся», – распавядае Таццяна Арцёменка, праўнучка рэпрэсаванай Рузаліі Ржэуцкай.

Яе расстралялі ў Курапатах. Сваякі гэтак і не даведаліся, у чым злачынства Рузаліі.

«Гэта быў данос, хутчэй за ўсё. Можа быць з-за рэлігіі, таму што бабуля была верніца, сям’я была верніца, яны былі каталікі, у вёсцы было больш праваслаўных. Магчыма, не з-за гэтага, магчыма, з іншай прычыны, але самае галоўнае, што мы не ведаем праўды», – працягвае Таццяна Арцёменка, праўнучка рэпрэсаванай Рузаліі Ржэуцкай.

Дакладнай інфармацыі аб колькасці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, расстраляных у Курапатах, няма. Улады не дазваляюць правесці паўнавартасныя раскопкі. Таксама не пускаюць у архівы КДБ.

«Гэта пісьменнікі, міністры, дзеячы культуры, навукі, але 80–90 адсоткаў – гэта простыя рабочыя і сяляне. Беспартыйныя, без адукацыі. Іх расстрэльвалі ў розных аперацыях. Аперацыя была «кулацкая аперацыя НКВД», «польская аперацыя НКВД», у асноўным артыкул – «антысавецкая агітацыя», «польскі шпіён», «літоўскі шпіён», самыя абсурдныя рэчы, якія былі нічым не даказаныя, – гэтыя людзі былі расстраляныя несправядліва», – кажа Зміцер Дрозд, гісторык, архівіст.

Пасля таго, як праўда пра Курапаты была адкрытая, неабыякавыя беларусы на працягу трыццаці гадоў неслі ва ўрочышча крыжы, стварылі народны мемарыял. Але 4-га красавіка пачалося так званае «добраўпарадкаванне».

Працы ідуць вельмі актыўна. Слупкі пад плот стаяць ужо па ўсім перыметры Курапатаў, рабочыя працуюць адразу ў некалькіх месцах, усё ахоўваецца міліцыяй, на ўсіх пад’ездах стаяць міліцэйскія аўтамабілі, таксама шмат ціхароў, якія ходзяць і назіраюць за тым, што адбываецца.

Падчас працаў дэмантавалі 70 крыжоў, усталяваных грамадскімі актывістамі. У першы дзень затрымалі 15 чалавек, якія спрабавалі супрацьстаяць вывазу крыжоў, пазней іх адпусцілі, але затрымлівалі паўторна. У ізалятары застаюцца Павел Севярынец, Вольга Мікалайчык і Максім Вінярскі.

Кожны дзень а 19-й гадзіне ў Курапатах праходзіць малітва. Мікалай Статкевіч заклікаў заўтра, 7-га красавіка а 12-й гадзіне выйсці з малітвай да Кафедральнага Свята-Духава сабору ў Менску.

Дзяржава знішчае народны мемарыял памяці ахвяраў сталінізму, ствараючы ўласны помнік: помнік злачынствам, якія чыніць улада над сваім народам.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары