Томас + Раство: Падвойнае свята праваслаўных Украіны


Украінскія ж праваслаўныя вернікі ўпершыню святкуюць Раство ва ўласнай незалежнай Праваслаўнай царкве Украіны. У гонар свята ў Кіеў прывезлі Томас – дэкрэт аб аўтакефаліі ўкраінскай царквы, падпісаны Канстанцінопальскім архіепіскапам Варфаламеем. Дакумент мае вялікае гістарычнае і палітычнае значэнне.

Аўтакефальная Праваслаўная царква Украіны ўвайшла ў сям’ю праваслаўных цэркваў як роўная між роўных, але наперадзе яшчэ шмат працы для яе ўзмацнення. Гэтак азначыў сённяшні дзень мітрапаліт Кіеўскі Епіфаній падчас святочнай літургіі ў Сафійскім саборы Кіева.

«Украінская царква атрымала сваю незалежнасць, атрымала Томас аб прызнанні сваёй аўтакефаліі. Мы бачым, што Гасподзь відочна дапамагае нам», – звярнуўся да вернікаў мітрапаліт аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Украіны Епіфаній (Сяргей Думенка).

Томас – царкоўны дэкрэт, зацверджаны ў Стамбуле Сінодам Сусветнага патрыярхату, сёння паказалі ўкраінскім вернікам. Прэзідэнт Парашэнка не хавае сваёй радасці – менавіта з ягонага звароту ў Патрыярхат, накіраванага яшчэ ў красавіку, і паўстала царкоўная незалежнасць Украіны.

«Нашую даўнюю царкву, гісторыя якой сягае часу роўнаапостальскага князя Уладзіміра, мы нарэшце вызвалілі з маскоўскай няволі», – выказаўся ў Сафійскім саборы прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Пра адчуванне шчасця і радасці нашым карэспандэнтам сёння казалі і простыя вернікі, якія прыйшлі адмыслова для таго, каб пабачыць гістарычны дакумент.

«Пачуцце знакавасці сённяшняй падзеі, разуменне важнасці сённяшняй геапалітычнай перамогі Украіны ў свеце, і разам з тым мне прыемна, што гэта стала вынікам дзейнасці многіх пакаленняў украінцаў, якія ішлі не толькі да палітычнай незалежнасці, але і духоўнай самастойнасці і аўтакефаліі Украінскай царквы», – кажа ўкраінскі гісторык Уладзімір Амяльчук.

У Маскоўскім патрыярхаце РПЦ заяўляюць, што і Сусветны Канстанцінопальскі патрыярхат з цэнтрам у Стамбуле, і незалежны Кіеўскі патрыярхат – раскольнікі. Самыя радыкальныя з прыхаджанаў РПЦ кажуць, што ў Кіеве асталяваліся сатаністы з Захаду, нават менш эмацыйныя кажуць, што Праваслаўная царква можа быць толькі адзіная.

Вось што кажуць прыхаджане царквы на Вараб’ёвых гарах у Маскве:

«Раздзяленне цэркваў ад таго, што Парашэнка і ягонае акружэнне хочуць падзяліць багацце царквы»

«Нашыя блізкія, родныя, якія там жывуць, і ў гэтай краіне адбываецца такое няшчасце, і не могуць адзначыць гэтае свята так, як мы прызвычаіліся».

«Мы адзінае цэлае. Мы нават не братэрскі народ, мы адзін народ».

Гэта прыхаджане царквы Жываначальнай Тройцы ў Маскве. Іхны святар, Андрэй Новікаў, з 2000-га года працаваў у Сінадальным аддзеле РПЦ для ўзаемадзеяння з узброенымі сіламі Украіны ў Адэсе. Калі Расея анексавала Крым, а яе гібрыдныя сілы ўвайшлі ў Данецкую і Луганскую вобласці, Андрэй Новікаў пераехаў у Маскву.

«На Украіне як была, так і дзейнічае кананічная ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату. Так, яна падвяргаецца ганенням, але ў ганеннях загартоўваецца вера вернікаў», – заяўляе журналістам ігумен Святыні Жываначальнай Тройцы Андрэй Новікаў.

Аднак кровапраліцця і ґвалтоўнага адбірання святыняў, якія прарочыў Украіне маскоўскі патрыярх Кірыла, не адбываецца. Цэрквы пераходзяць у Кіеўскі патрыярхат аўтакефальнай Праваслаўнай царквы Украіны на рашэнне іх грамадаў.

«Мы разарвалі апошнія путы, якія прывязвалі нас да Масквы з яе фантазіямі пра Украіну як кананічную тэрыторыю Расейскай праваслаўнай царквы. Гэтага няма і ўжо не будзе», – заявіў сёння Пятро Парашэнка.

Для Пятра Парашэнкі, які падкрэслівае сваю адданасць хрысціянству, атрыманне Украінскаю царквою незалежнасці – перадусім поспех палітычны. Ужо ў сакавіку Украіну чакаюць выбары прэзідэнта.

Вось што сказалі «Белсату» людзі, што стаялі ў чарзе ў Сафійскі сабор у Кіеве:

«Тое, што Парашэнка зрабіў, мне падаецца папулізмам. Бо ўсё да гэтага ішло, як і безвіз».

«Усё-такі ён зрабіў сваю справу, прыспешыў падзею, і яна ўсё ж адбылася».

«Прэзідэнт Парашэнка адчуў гістарычны момант часу. І гэта, напэўна, прынясе яму досыць вялікую папулярнасць у народзе. Тое, што ён увойдзе ў падручнік гісторыі, – гэта факт».

«Можа, гэта і трэба было калісьці зрабіць, але якраз цяпер перад выбарамі Парашэнка хоча сабе больш балаў, і больш нічога».

«Ён проста маладзец. Хаця, як кажуць, ён не герой майго раману, але ў гэтым выпадку трэба аддаць належнае. – Ён перамог Пуціна. – Так, так».

Украінская праваслаўная царква заўсёды трымалася на ўзбоччы ад пазіцыі РПЦ. Сталічныя святыні ў Кіеве адчынялі свае дзверы падчас спробаў здушэння рэвалюцыі Годнасці зрынутым прэзідэнтам Віктарам Януковічам. У Кафедральным саборы тады працаваў палявы шпіталь, і цэрквы адпявалі пратэстоўцаў, застрэленых спецназам на плошчы.

Яраслаў Сцешык belsat.eu