Тэракты апошніх дзён. Відэасюжэт «Абʼектыву»


Апошнія дні тыдня прынеслі цэлую хвалю надзвычайных здарэнняў, як у еўрапейскіх краінах, так і ў Расеі.

У Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе Расеі, у горадзе Сургуце, раніцаю злачынца нажом параніў, паводле розных звестках, 7 ці 8 асобаў. Два чалавекі знаходзяцца ў цяжкім стане ў мясцовай рэанімацыі. Праваахоўнікі, якія прыбылі на месца, застрэлілі мясцовага жыхара 1994 года нараджэння. Адказнасць за напад узяла на сябе «Ісламская дзяржава». Нягледзячы на тое, што ў МУС Расеі паведамілі, што версія пра тэракт не з’яўляецца асноўнаю, мясцовыя медыі паведамляюць, што ў Сургуце эвакуявалі наведнікаў гандлёвых цэнтраў праз паведамленне аб закладзенай бомбе.

Напярэдадні ў фінскім горадзе Турку 18-гадовы нарадзінец Марока з нажом таксама напаў на мінакоў. 2 чалавекі загінулі, 6 атрымалі параненні. Сёння следства назвала гэта «тэрактам».

«Следства працягваецца, на жаль, мы не можам даць шмат інфармацыі адносна асобы нападніка. Мы звярнуліся за дадатковымі звесткамі ў іміграцыйны дэпартамент. На дадзены момант мы падвысілі ўзровень гатоўнасці паліцыі», – заявіла міністарка ўнутраных справаў Фінляндыі Паўла Рысіка.

У нямецкім Дусэльдорфе ў выніку нападу з нажом быў забіты адзін чалавек. Паліцыя Нямеччыны пакуль не спяшаецца назваць інцыдэнт тэрактам.

Новыя падрабязнасці прыйшлі і з Барсэлоны. Галоўным падазраваным у тэракце лічыцца 22 гадовы Юнэс Абуякуб, які застаецца на волі. Паводле паліцыі, тэрарысты мелі намер зладзіць выбух і нават спрабавалі зрабіць бомбу з трыпераксіду ацэтону – рэчыва, якое мае назву «Маці дябла».

«Галоўнае пытанне, ці ёсць звесткі пра далейшыя магчымыя атакі. Адказ – не. Але гэта не азначае, што пасля заканчэння гэтага следства мы будзем сядзець без працы. Паліцыя Каталоніі працягне даследаваць, як гэты тэракт у Барсэлоне стаўся магчымым», – адзначыў прэс-сакратар паліцыі Каталоніі Альбэрт Аліва.

У чацвер у сталіцы Каталоніі, Барсэлоне ў выніку тэракту загінулі 13 асобаў сотні атрымалі раненні. Адказнасць за тэракт узялі баевікі «Ісламскай дзяржавы».

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu