Тэлеканалы заплацяць штрафы за недахоп украінскай мовы ў эфіры


Ужо больш за месяц доля ўкраінскай мовы ў эфіры ўкраінскага тэлебачання складае 75 %. Гэткую квоту Вярхоўная рада вызначыла яшчэ ў траўні, але дзеяць закон пачаў 13 кастрычніка. Як змяніўся ўкраінскі тэлесвет, прасцей ці складаней стала тэлеканалам, і хто перамог у новай гульні?

Згодна з законам, усе выданні навінаў у эфіры тэлеканалаў павінныя гучаць на ўкраінскай мове. Фільмы мусяць або дубляваць, або паказваць з субтытрамі. На дзяржаўнай мове абавязаныя гаварыць усе вядоўцы ўсіх праграмаў, але гасцей ды ўдзельнікаў гэтае патрабаванне ўжо не датычыць. Праціўнікі закону традыцыйна кажуць пра дыскрымінацыю расейскамоўных ды тое, што прымусовыя моўныя змены паўплываюць на якасць некаторых праграмаў.

Жыхары Кіева каментуюць:

«Некаторыя перадачы варта пераздымаць, а не перакладаць на ўкраінскую з расейскай. Бо перакладаюць часта без эмоцыяў».

«Добра, каб увесь эфір гучаў па-ўкраінску, гэта будзе ўплываць на маўленчыя звычкі людзей».

«Мне не падабаецца, калі серыял ці нейкая пачаткова расейскамоўная перадача перакладаецца на ўкраінскую. Або перакладаць трэба так, каб яно прыгожа гучала і добра ўспрымалася».

«Нармальны чалавек успрымае гэта пазітыўна. А калі некаму не падабаецца, ну, трэба лячыцца».

Квота ў 75% распаўсюджваецца толькі на агульнанацыянальныя каналы, для рэгіянальных моўнае патрабаванне мякчэйшае – 60%. Адказваючы на пытанне пра магчымы дыскамфорт рускамоўнага насельніцтва, аўтары закона кажуць, што ва ўмовах гібрыднай вайны гаворка ідзе пра інфармацыйны суверэнітэт Украіны. А ягоную важнасць, маўляў, усведамляюць і жыхары ўсходу ды поўдня.

Народны дэпутат, журналіст, прадзюсар Мікола Княжыцкі каментуе:

«Больш за 90 % бацькоў у Данецкай вобласці з уласнае волі аддаюць сваіх дзяцей у школы з украінскаю мовай навучання. Амаль 90 % – у Адэскай вобласці. Гэта рэгіёны, якія традыцыйна лічацца расейскамоўнымі. Аднак людзі, якія там жывуць, усведамляюць, што ва ўкраінскай дзяржаве мусіць быць украінская мова і культура».

Першыя вынікі дзеяння квотаў прадстаўнікі ўладаў абмеркавалі з прадстаўнікамі медыяў за адмыслова скліканым круглым сталом. Прадстаўнікі ўладаў не хавалі, што настроеныя вельмі пазітыўна.

«Праз паўгода паглядзім, як зменіцца рынак тэлесерыялаў украінскай вытворчасці. І не толькі мастацкіх фільмаў, але і дакументалістыкі, навуковага, публіцыстычнага кіно», – кажа Яўген Нішчук, міністр культуры Украіны.

Але закон і яго выкананне – рэчы не тоесныя. У праблемнай зоне цяпер акурат серыялы. Бо ў прадукцыі, якую вырабляюць на дзве краіны – Украіну ды Расею, – нашмат большы камерцыйны патэнцыял, чым у серыялаў, якія будуць паказваць выключна ўкраінцам. І тут шэрагі гульцоў, што жадаюць гуляць паводле правілаў, імкліва радзеюць.

«Мы сёлета вырабілі два новыя серыялы, якія ішлі выключна на ўкраінскай – «Школа» і «Дзве маці». Пасля таго, як увялі квоты, да мяне прыйшлі прадзюсары і кажуць: мы што – адныя тут зялёныя? Бо агулам зменаў у бок украінскай мовы не адбылося», – тлумачыць Аляксандр Ткачэнка, генеральны дырэктар «1+1 Медыя».

Аднак агульную мову з дзяржаваю вытворцам шукаць давядзецца. Першымі штрафамі за недастатковае гучанне ўкраінскай у эфіры на мінулым тыдні пакаралі тры спадарожнікавыя каналы.

Адэля Дубавец, belsat.eu