Тэатральны пратэст


«Я ўпэўненая, што гэта проста пазіцыя – не пушчаць купалаўцаў нікуды», – гэтак зорка Купалаўскага тэатру Зоя Белахвосцік адрэагавала на сваё звальненне з Акадэміі мастацтваў. Пра тое, што яна больш не ёсць мастацкаю кіраўніцаю выпускнога акторскага курсу, народная артыстка Беларусі даведалася ад калегі, а не ад кіраўніцтва ўстановы.

«Я ўсё ж такі думала, што застаецца нейкі люфт на разумнасць, на павагу, на разуменне, што гэта дыпломны курс», – кажа Зоя Белахвосцік.

Актрыса не плануе пакідаць сваіх вучняў, рыхтаванне дыпломнага спектаклю ўжо пачалося:

«Я спадзяюся, што проста знайду форму і магчымасць, дзе і як я буду з імі сустракацца і дапамагаць ім».

Зоя Белахвосцік – адна з больш як паўсотні актораў і працаўнікоў Купалаўскага тэатру, якія звольніліся пасля выбараў. Такім чынам купалаўцы выказалі салідарнасць са звольненым кіраўніком тэатру Паўлам Латушкам. Яшчэ раней калектыў публічна асудзіў фальсіфікацыі ды паслявыбарчы гвалт уладаў. Цяпер у Купалаўскім тэатры абвешчаны прастой, усе спектаклі адмененыя да снежня.

Пустая сцэна і ў Гарадзенскім драматычным. Кіраўніцтва тэатру пра адмену ўсіх спектакляў праз эпідэмічную сітуацыю абвесціла тыдзень таму, але тэатр ужо ў нядзелю вернецца на сцэну. Акторы сцвярджаюць, што адмянялі спектаклі насамрэч не праз інфекцыю.

«Два залы былі цалкам выкупленыя ў сувязі з тым, што акторы спынілі спектакль. Гэта было відавочна ўспрынятае як нейкая акцыя, дэманстрацыя, і ў нас тут жа арганізаваўся ў зале COVID-19», – распавядае заслужаны артыст РБ Сяргей Куныленка.

Спектакль акторы спынілі 20 верасня, даведаўшыся, што іхных калегаў затрымалі падчас акцыі пратэсту. Кіраўніцтва звольніла дваіх актораў, яшчэ чатыром урэзалі заробкі.

«Магчыма, калі б гэтага ўсяго не адбылося, то па сённяшні дзень многія жыхары нашага гораду і краіны не разумелі б, што адбываецца ў сферы мастацтва», – лічыць звольнены актор Ігар Уланаў.

Непрымальнаю лічаць сітуацыю акторы Гарадзенскага тэатру лялек, якія запісалі адмысловы зварот на падтрыманне калегаў.

«Мы патрабуем абвяржэння абразлівых артыкулаў пра Гарадзенскі драматычны тэатр у газетах «Гродненская правда» і «Советская Беларусь». Мы скрайне абураныя метадамі кіравання дырэктара Гарадзенскага драмтэатру Гедзіча Ігара Мікалаевіча. Мы супраць прызначэння на пасаду любога беларускага тэатру былых вайскоўцаў», – гаворыцца ў звароце.

У кожным тэатры галоўнае – трупа, а не кіраўніцтва, падкрэсліваюць акторы:

«Калі тэатры непатрэбныя, то непатрэбныя ні міністэрства, ні ўпраўленне культуры».

За апошнія тыдні і гледачы паказалі, што для іх галоўнае – трупа, і акторы давялі, што для іх галоўнае – мастацтва, а не будынак тэатру.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»