Сёння адбыліся суды над затрыманымі журналістамі


Паводле судовых пастановаў, журналісты TUT.BY Аляксей Суднікаў і Надзея Калініна, карэспандэнты «Камсамольскай Праўды ў Беларусі» Марыя Эляшэвіч, Мікіта Недаверкаў і Святаслаў Зоркі, карэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга былі прызнаныя вінаватымі паводле артыкулу 23.34. Усім шасцярым прысудзілі па трое содняў арышту.

«Я трошкі здзіўлены, калі не сказаць – шакаваны. Таму што тыя рэчы працэсуальныя, якія былі ў гэтых працэсах… з імі мы раней не сутыкаліся. Вельмі шмат рэчаў, якія законам не прадугледжаны і, на маю думку, супярэчаць яму», – кажа адвакат Андрэй Мачалаў.

Сведкамі абвінавачвання на судах ва ўсіх журналістаў выступалі два працаўнікі АМАПу. Паказанні яны давалі праз відэасувязь, апранутыя былі ў балаклавы і, паводле адвакатаў, іхныя імёны былі змененыя.

«Адбываецца нейкая не вельмі добрая тэндэнцыя. Узровень і якасць доказаў, якія перадаюцца ў суды, робяцца ўсё ніжэйшымі ды ніжэйшымі. Мы бачым гэта з дадзенага працэсу. А пастановы, якія выносяць суды, робяцца ўсё горшымі ды горшымі», – лічыць адвакат Сяргей Зікрацкі.

Адзін са сведак абвінавачвання хаваў твар пад маскай ды шапкай, збягаў ад камераў і з суда выходзіў пад аховаю міліцыянтаў. Раней Міністр унутраных справаў Юрый Караеў заяўляў, што перашкодаў працы медыяў не будзе. Але слова не стрымаў. Напярэдадні да будынку МУС прыйшлі дзясяткі журналістаў. Але міністр да іх не выйшаў.

«Гэта прэцэдэнт. Нашых журналістаў затрымалі падчас працы, на акцыі. Паводле закону аб медыях журналісты маюць права асвятляць усе акцыі любога кшталту. Несанкцыянаваныя або санкцыянаваныя. І, фактычна, сёння іх асудзілі за тое, што яны былі на працы», – лічыць генеральная дырэктарка ЗАТ «БелКП-ПРЭС» Наталля Галезнік.

«Калі некаторыя людзі кажуць, што асабіста просяць не чапаць журналістаў і гэтага не выконваюць… мне здаецца, неяк несправядліва. Трэба за свае словы быць адказным. Для чаго пазначаць сябе на акцыях, калі гэта ніяк цябе не абараняе?», – кажа журналіст Мікіта Недаверкаў.

Усе затрыманыя 1 верасня журналісты былі адпушчаныя з Акрэсціна. Яны адзначылі паважлівае стаўленне і адэкватныя ўмовы ўтрымання: былі ежа, спальныя месцы ды нікога не збівалі.

Алена Дубовік, «Белсат»