Сярэдняга заробку ў 2019-м хопіць на паў-айфона

Рэальныя заробкі беларусаў вырастуць больш як на 3 %, а пенсіі – на 14. Такімі планамі павелічэння дабрабыту сёлета падзялілася сёння Міністэрства працы. Аднак абяцанага Аляксандрам Лукашэнкам сярэдняга заробку «па пяццот долараў» усё адно не атрымаецца.

1078 рублёў – столькі мае скласці сярэдні заробак у Беларусі пад канец года. Яго хопіць, каб купіць 60 вялікіх мяхоў бульбы, 820 літраў 95-га бензіну па сённяшнім кошце або палову айфону дзясятай мадэлі. Паводле Белстату, сёння мы ў сярэднім зарабляем на 80 рублёў менш.

Нават пасля планаванага павышэння сярэдні заробак беларуса не дацягне да абяцанай уладамі сумы 500 долараў. Бо не можам зарабіць на айчынных таварах – неканкурэнтаздольныя.

«Намагаюцца павялічыць вытворчасць, але ў выніку толькі павялічваюць складскія запасы. І ў выніку на гэтую лічбу выйсці ніяк не атрымліваецца», – кажа эканамічны аглядальнік Канстанцін Скуратовіч.

Да 40 % сярэдняга заробку ўрад плануе павысіць і сярэднюю пенсію. Яна вырасце да 432 рублёў.

Нават ад такога невялікага прыросту заробкаў і пенсіяў беларуская эканоміка можа надарвацца – папярэджваюць эканамісты. Ужо трэці год запар заробкі растуць хутчэй, чым ВУП.

«За два гады колькасць тавараў і паслугаў, якія можна спажыць, павялічылася на 3–4 адсоткі, а заробкі за гэты час павялічылася на 30 адсоткаў. Такога эканоміка не вытрымлівае. Наступае інфляцыя і заробкі ды пенсіі адкідваюцца назад», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Інфляцыя не перавысіць 5 адсоткаў – супакойвае ўрад, а долар не будзе каштаваць больш за 2 рублі 26 капеек. Аднак даходы бюджэту скарачаюцца з прычыны падаражэння расейскай нафты. У дадатак растуць выплаты вонкавых пазыкаў. Таму выканаць гэтыя планы будзе няпроста.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама