Аб'ектыў 09.02.2018 Сямашка хоча знайсці новыя крыніцы імпарту нафты ў Беларусь


Улады Беларусі зноў шукаюць альтэрнатывы расейскім пастаўкам нафты. Гэта ўжо далёка не першыя спробы дыверсіфікацыі, але пакуль пра поспехі можна казаць толькі ў будучым часе.

Віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка на падагульняльнай калегіі савету канцэрну «Белнафтахім» заявіў, што беларускія НПЗ мусяць мець альтэрнатыўныя крыніцы імпарту нафты. Бо пакуль расейская нафта займае практычна сто адсоткаў усяго беларускага рынку.

«Пакуль што казаць аб альтэрнатыве сур’ёзнай не прыходзіцца зусім. Беларусь у мінулым годзе атрымала 18 мільёнаў тон расейскай нафты, і ўсяго дзве пастаўкі было альтэрнатыўнай нафты. Гэта 170 тысяч тон з Ірану. Гэта тэставыя пастаўкі», – кажа Таццяна Манёнак, аглядальніца інтэрнэт-газеты «Белрынак».

Раней кіраўніцтва краіны не аднойчы агучвала жаданне адысці ад такой манаполіі. Нават Аляксандр Лукашэнка ў жорсткай форме падкрэсліваў, што ў першую чаргу яно звязанае з палітычнымі, а не эканамічнымі фактарамі.

«Без расейскай нафты мы абыдземся. Нам будзе вельмі складана. Яраслаў скажа, што гэта можа быць нерэнтабельна і неэфектыўна. Але свабода і незалежнасць – гэта вельмі рэнтабельна. І гэта не ацэньваецца ніякімі грашамі і ніякімі лічбамі», – мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

У той жа момант, улады Беларусі могуць сустрэцца з непаразуменнем з боку не толькі Расеі, але і іншых хаўруснікаў у еўразійскіх праектах.

«Тут дзіва бачна першае – палітычнае. Беларусь знаходзіцца з Расеяй, Арменіяй, Казахстанам у мытным саюзе. Першая ідэя – гэта б’яднанне рэсурсаў краін. З пункту гледжання палітыкі, калі нехта з беларускіх чыноўнікаў заяўляе пра пошук перспектывы па-за мытным саюзам, партнёры могуць трактаваць гэта як няверную, небяспечную ці дурную заяву», – адзначае Леанід Заіка з аналітычнага цэнтру «Стратэгія».

З эканамічнага ж гледзішча відавочна, што расейская нафта выглядае найбольш прывабна для Беларусі. Але ж сітуацыя складваецца парадаксальным чынам: беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы праходзяць дарагую мадэрнізацыю для павелічэння магутнасцяў, але іх праца практычна не акупляецца з-за цяперашняй кан’юнктуры рынку.

«Сёння для Беларусі вельмі выгадныя ўмовы імпарту расейскай нафты. Бо мыты на нафту вышэйшыя за мыты на нафтапрадукты. Гэта азначае, што беларускі бюджэт атрымае больш ад экспарту расейскай нафты, чым ад перапрацоўкі расейскай нафты на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах», – кажа Таццяна Манёнак.

На меркаванне экспертаў, на гэты момант улады спадзяюцца на рост кошту нафты і павелічэнне магутнасцяў айчынных нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Аднак, у любым выпадку варта задумвацца не аб сумнеўных варыянтах дыверсіфікацыі паставак сыравіны, а аб памяншэнні ролі экспарту нафты і нафтапрадуктаў у эканоміцы Беларусі.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары