Аб'ектыў 29.10.2019 «Сябраваць з Расеяй сэнсу няма». Чаму ў Менску ўвесь час узнікаюць нафтавыя спрэчкі з Масквой?


Нафта для Беларусі налета падаражэе і прынясе бюджэту дадатковых расходаў больш як на 300 мільёнаў долараў. Пра гэта паведамілі ў «Белнафтахіме». Ці павялічыць гэта кошты на запраўках? Чаму кіраўніцтву Беларусі не ўдаецца развязаць са сваім найлепшым саюзнікам нафтавага пытання?

Налета кошт адной тоны нафты для Беларусі вырасце на 17,7 долараў, распавяла ў інтэрв’ю намесніца старшыні «Белнафтахіму» Святлана Гурына. А гэта значыць, што цэны на запраўках, якія толькі сёлета вагаліся на адну капейку 22 разы, хутчэй за ўсё працягнуць расці.

«Трэба арыентавацца на тое, што паліва будзе каштаваць 90 цэнтаў або да долара. Гэта тая цана, якая нават яшчэ не адлюстроўвае ўсяго падатковага цяжару, які можа быць», – каментуе справу эканаміст з Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Сёлета ж павышэнне цэнаў на бензастанцыях было патрэбнае, каб уратаваць нафтаперапрацоўчыя заводы.

«Часта ў спажыўцоў складаецца ўражанне, што НПЗ атрымліваюць нейкія вялізныя прыбыткі. У нашых заводаў гэта зусім не так. Мінімальны ўзровень эфектыўнасці продажаў, які дазваляе захоўваць баланс (вяртаць крэдыты і ўтрымліваць прымальныя для спажыўцоў кошты), мы вызначылі на ўзроўні прыблізна 3 %», – зазначыла ў тым самым інтэрв’ю Святлана Гурына.

І гэта прытым, што сёлета Расея прадавала нам нафту паводле кошту 80 % ад сусветнай цаны. А да 2024 года НПЗ маюць адаптавацца да сапраўды рынкавых коштаў.

Апытаныя намі жыхары Магілёва мяркуюць:

«У прынцыпе, сябраваць з Расеяй сэнсу няма. Калі мы не бяром адтуль ні газу, ні бензіну. Ніякага сэнсу».

«Я лічу, што яны павінныя нам рабіць саступкі, бо Беларусь і Расея – гэта ж братэрскі саюз».

«Яны ж нам неяк павіныя там штосьці кампенсаваць, як прэзідэнт гаварыў, ад стратаў гэтай усёй фігні».

У інтэрвʼю sb.by чыноўніца таксама згадала страты ад гэтак званага падатковага манеўру, якія толькі за першыя 9 месяцаў гэтага года склалі 250 мільёнаў долараў.

Сапраўды, Лукашэнка інтэгруецца з Расеяй амаль чвэрць стагоддзя, а праблемы, звязаныя з нафтай, ніяк не знікаюць з навінаў. То падатковы манеўр, то няякасная сыравіна, то цяжкасці з утрыманнем рэнтабельнасці НПЗ.

Чаму менавіта ў Беларусі ўвесь час узнікаюць нафтавыя пытанні, якіх няма ў той самай Літве або Польшчы?

«Трэба паводзіць сябе як сучасная еўрапейская дзяржава, якая мае магчымасць лічыць усё тое, што зарабляе, і робіць эканамічную палітыку развіцця, а не дармаедства», – канстатуе Яраслаў Раманчук.

У «Белнафтахіме» нагадалі, што не першы год займаюцца пытаннем паставак сыравіны з краінаў СНД, Блізкага Усходу ды Афрыкі – праз балтыйскія і ўкраінскія парты. Апошнюю магчымасць ужо абмяркоўвалі падчас сустрэчы Лукашэнкі і прэзідэнта Зяленскага ў Жытоміры. Але ніякіх цудаў Кіеў не прапаноўвае.

«Усе павінныя аднолькава працаваць, ува ўсіх маюць быць аднолькавыя правілы гульні. Таму наўрад ці Беларусі варта разлічваць на нейкія зніжкі і нейкія прэферэнцыі», – кажа Генадзь Рабцаў з Эканамічнага дыскусійнага клубу (Украіна).

Зрэшты, Беларусь ужо мела досвед паставак венесуэльскай нафты праз трубаправод Адэса – Броды. Тады на Мазырскі НПЗ даставілі толькі 80 тысяч тонаў заакіянскага чорнага золата. Для параўнання, толькі сёлета нашая краіна купіць ад Расеі 18 мільёнаў тонаў нафты.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары