Святлана Ціханоўская прыбыла з візітам у Варшаву


Святлана Ціханоўская 20 кастрычніка прыбыла ў сталіцу Польшчы. Падчас візіту яна сустрэлася з польскімі палітыкамі самага высокага ўзроўню, а таксама падтрымала студэнтаў.

Сённяшні дзень Святланы Ціханоўскай распісаны па гадзінах. Восьмая раніцы: сустрэча з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім.

А дзявятай – размова з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Польшчы Кшыштафам Шчэрскім.

Дзясятая трыццаць: прамова ў Каледжы Еўропы, кузні кадраў для еўрапейскай палітыкі.

Чатырнаццатая гадзіна: сустрэча на высокім дзяржаўным узроўні – з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім.

«Пра-дэмакратычныя імкненні беларусаў, цяперашняя сітуацыя ў Беларусі і форма далейшай дапамогі для апазіцыі ды рэпрэсаваных асобаў сталіся асноўнымі тэмамі, якія мы закранулі падчас сённяшняга, яшчэ аднаго за апошні час, візіту Святланы Ціханоўскай у Польшчу. Яна не збіраецца здаваць пазіцыяў, і мы, наколькі цяпер магчыма, будзем салідарна падтрымліваць яе ў гэты цяжкі час», – Матэўш Маравецкі, прёмʼер-міністр Польшчы.

Гэткія словы напісаў польскі прэмʼер пасля сустрэчы, на якой Святлана Ціханоўская ўзняла пытанні спрашчэння візавых і міграцыйных працэдураў для беларусаў, спосабу падтрымання і рэабілітацыі асобаў, пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў, а таксама абмеркавала стыпендыяльныя праграмы для моладзі і спартоўцаў.

«Хачу падзякаваць яшчэ раз ураду Польшчы за тое, што робіць магчымае і немагчымае для беларускіх людзей, у нашай барацьбе за свае правы ў такі складаны перыяд», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Пятнаццатая трыццаць: Ціханоўская – у Цэнтры беларускай салідарнасці для дапамогі рэпрэсаваным суайчыннікам. Гэтак, паводле Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы, за два апошнія месцы больш за 700 беларусаў прыехалі ў суседнюю краіну па гуманітарным калідоры, 170 чалавек папрасілі міжнароднай абароны, дзясяткі людзей уехалі ў Польшчу без візаў. Усім ім патрэбная дапамога – легалізацыя перабывання, матэрыяльнае падтрыманне, а таксама працаўладкаванне ці залічэнне ў ВНУ.

«Зʼехала такая колькасць людзей, што мы фактычна ўжо кажам пра праблему бежанства, а не проста вялікай колькасці людзей, якія зʼехалі. Гэта менавіта тыя праблемы, якія абраная беларусамі як лідар Святлана Ціханоўская і вырашае сваймі сустрэчамі, сваймі размовамі як з прадстаўнікамі польскага ўраду, гэтак і з прадстаўнікамі беларускіх цэнтраў у Польшчы», – гаворыць Уладзімір Кобец з Цэнтру беларускай салідарнасці.

Святлана Ціханоўская перадала польскаму боку распрацаваныя беларускімі праваабаронцамі, юрыстамі і Цэнтрам беларускай салідарнасці прапановы, каб як найхутчэй развязаць праблемы беларусаў, вымушаных пакінуць сваю краіну.

Сямнаццатая трыццаць: Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел ва ўрачыстасцях Стыпендыяльнай праграмы імя Каліноўскага, якая дапамагае адлічаным беларусам атрымаць еўрапейскую адукацыю.

І на гэтым працоўны дзень Святланы Ціханоўскай не скончыўся. У гэтыя хвіліны ў яе сустрэча з Каардынацыйнаю радай.

Вольга Старасціна, belsat.eu