Святар у ролі Дзеда Мароза. У Менску адзначылі Шчадрэц


У саборы Святога Мікалая Японскага, што ў сталічнай Каменнай Горцы, сёння адсвяткавалі Шчадрэц – незвычайным чынам. Адразу пасля святочнай малітвы протаярэй пераапрануўся ў Каляднага Дзеда і пачаў шчадраваць разам з дзецьмі і прыхаджанамі.

Народныя танцы, спевы, батлейка і карагод са святаром. Экалагічны фэст – «Шчадрэц на раёне», як яго назвалі арганізатары, нават для іх саміх разгортваўся непрадказальна.

«Незвычайнасць Шчодрыка сёння, вы бачыце я святар і настаяцель святыні, а стаю як Дзед Мароз і мяне ніхто не падрыхтаваў да гэтай ролі», – кажа протаярэй Павел Сярдзюк.

Калядным Дзедам прыйшлося зрабіцца на просьбу прыхаджанаў, якія самі арганізавалі пернікавы кірмаш ды частавалі прысутных за сімвалічную плату юшкай і кашай. А самых маленькіх запрашалі на традыцыйную батлейку і ў экзатычны тэатр ценяў.

«Мы вырашылі следаваць традыцыям японскага народа. Святы Мікалай калі прыехаў у Японію жыць, ён вельмі хутка стаў сваім сярод японцаў, і мы вырашылі, што тут у нас, у Беларусі, можна выкарыстаць спадчыну японскага народу», – кажа рэжысёрка тэатру ценяў Вольга Ермаловіч-Чэча.

Асноўную ролю ў «Шчодрыках» даручылі дзецям.

Hавiны
«Шчадрэц на раёне»: юшка, безалкагольны глінтвейн і Дзед Мароз – протаярэй
2020.01.12 18:10

«Мы сёння прыйшлі сюды папець у нас ансамбль «фальклорная сунічка» з кіраўніком і сябрамі мы будзем спяваць і радаваць», – адзначае ўдзельніца фэсту Аляксандра Будзько.

Аднак галоўнае – не толькі спевы і танцы.

«У нас традыцыя шматгадовая калі мы на святы і на калядкі збіраем прыхаджанаў і радуемся разам і менавіта была ў нас такая ідэя адраджэнне традыцыйных святаў звязаных павязаных святамі царкоўнымі», – распавядае кіраўніца царкоўна-прыходскай школы Алена Кавернік.

На думку арганізатараў, менавіта гэткі канцэпт і дазволіць захаваць баланс паміж рэлігіяй, традыцыямі ды культурным яднаннем у святочныя дні.

Кірыл Смяглікаў, Таццяна Уласенка, Белсат.

МГ belsat.eu