Свята працы 1 траўня – без святкавання

«Штодня а 10.00 я прыходжу на сваё працоўнае месца. Раней гэта была вялікая тэрыторыя – 130 квадратаў, і яшчэ дадаткова стаялі нашыя вырабы. Зараз маё працоўнае месца – гэта два квадратныя метры».

Вольга Ваўчокпрадавачка-кансультантка Заслаўскай мэблевай фабрыкі. Гандлёвую пляцоўку, дзе Вольга прадавала мэблю прадпрыемства, адміністрацыя пастанавіла закрыць, а Вольгу – звольніць.

«Прыехаў да мяне дырэктар і папрасіў напісаць заяву на звальненне. Я адмовілася і сказала, каб мяне звальнялі па законе, як і належыць – у сувязі з ліквідацыяй гандлёвага абʼекту. Ён мне прыгразіў, што здыме мне два квадраты, дзе я буду сядзець», – кажа Вольга.

Гэтак ужо месяц Вольга змушаная сядзець на працоўным месцы без працы і за мізэрны заробак.

«Калі разрываецца кантракт, то наймальнік мусіць выплаціць тры сярэднія заробкі. Калі скарачаецца колькасць працаўнікоў, заканадаўства таксама прадугледжвае выплаты. Але наймальнікі часта на гэта не ідуць і шляхам розных маніпуляцый праводзяць розныя незаконныя дзеянні», – каментуе сітуацыю Ігар Комлік, кіраўнік прафсаюзу РЭП па Менску.

І гэты выпадак у Беларусі не адзіны. Дзень Міжнароднай салідарнасці працоўных праз эпідэмію каронавіруса сёлета праходзіць без масавых святкаванняў. Гэтак, 1 траўня – нагода ўзгадаць аб правах працоўных, якія ў Беларусі працягваюць парушацца. Якія ж праблемы і цяжкасці перадусім клапоцяць працоўных? Кажуць працаўнікі Менскага трактарнага заводу:

«У нас дагэтуль такая палітыка: я начальнік – ты дурань. Гэта недапушчальна. У дваццаць першым стагоддзі мы ўсе павінны быць на роўных умовах».

«Абсталяванне дрэннае – састарэлае ўжо. Хацелася б неяк мадэрнізацыю правесці».

«Больш заробку. Напэўна, гэтага хочуць усе».

«Сітуацыю з гэтым вірусам трэба вырашаць».

«Галоўнае – здароўе, бо людзі хварэюць і невядома ад чаго».

Эпідэмія каронавіруса яшчэ больш ускладніла сітуацыю на рынку працы: некаторыя прадпрыемствы ўжо скарачаюць працоўныя месцы або адпраўляюць людзей у адпачынкі за свой кошт, пераводзяць работнікаў на чвэрць і нават адну дзясятую стаўкі.

«Павінны банкі падзяліцца сваім прыбыткам і даць прадпрыемствам безадсоткавы крэдыт на заробкі. Таксама дзяржава мусіць пералічыць усе свае фонды, у тым ліку прэзідэнцкі, і аддаць беспрацоўным на выплаты. Папрасіць Міжнародны валютны фонд, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, каб далі грошы не толькі на падтрымку эканомікі, але самае галоўнае – людзей», – заяўляе Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюзу РЭП.

«Няма іншага выйсця, каб адстойваць свае правы, акрамя аб’яднання і праяўлення салідарнасці. І мы заклікаем працоўных у дзень 1 траўня аб’яднацца і выказаць салідарнасць адзін аднаму, каб прымусіць улады вырашаць іх надзённыя праблемы», – кажа Аляксандр Ярашук, старшыня БКДП.

Незалежныя прафсаюзы заяўляюць, што становішча працаўнікоў застаецца цяжкім праз кантрактную сістэму працы, нізкія заробкі і мізэрныя выплаты беспрацоўным. Але змены да лепшага залежаць і ад саміх працоўных ды іх салідарнага змагання за свае правы.

Галіна Абакунчык, «Белсат»

Глядзі таксама