Свята не для ўсіх. У Менску зноў затрыманні


Па сталіцы ў святочны дзень ездзілі не толькі танкі, але і… калоны аўтазакаў – для ўдзельнікаў планаванай «Акцыі вызвалення і салідарнасці». Некалькі дзясяткаў чалавек разам з арганізатарам акцыі – Міколам Статкевічам затрымалі.

Усё як звычайна. Дзень акцыі для Міколы Статкевіча пачынаўся таксама як дні папярэдніх несанкцыянаваных уладамі мерапрыемстваў, у якіх меўся браць удзел кіраўнік Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

– Добры дзень, прапаршчык міліцыі Навумчык. Пройдземце з намі ў транспарт.

– Гітлерызм не пройдзе! Жыве Беларусь!

Мікола Статкевіч быў, пэўна, адзіным з меркаваных удзельнікаў акцыі, перад кім адрэкамендаваліся міліцыянты. Бо тых, хто ўсё ж прыйшоў на плошчу каля Парку Чалюскінцаў, хапалі невядомыя ў цывільным і без тлумачэнняў пхалі ў аўтазакі.

Загад – затрымаць

Хапалі ўсіх без разбору, у выніку чаго ў аўтазак траплялі і простыя мінакі.

«Стаялі, проста так узялі, схапілі і пацягнулі. Нават ніякіх тлумачэнняў, нічога. Ці гэта нармальна?!», – скардзіцца жонка аднаго з затрыманых.

Удзельнікі акцыі збіраліся ўскласці кветкі да помніку савецкім жаўнерам, якія занялі Менск 3 ліпеня 1944 года. Аднак імпрэза мелася несці не святочны настрой.

«Мы ўзялі курс на тое, каб перахапіць ва ўлады ўсе святы, якія яна святкуе. Забраць у рэжыму ўсе святы. Мы па-свойму трактуем дзень вызвалення Менску. І мы нагадваем сённяшняй акцыяй пра існаванне палітзняволеных у нашай краіне», – кажа Аляксандр Абрамовіч з Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

Як і Міколу Статкевіча, кіраўніка руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка ўзялі на выхадзе з дому. Усяго ж у сталіцы затрымалі каля 30 чалавек.

«Быў затрыманы шэраг нашых актывістаў – Валер Бычкоўскі і астатнія актывісту руху салідарнасці «Разам» – яны ўсе былі актыўнымі абаронцамі Курапатаў. Гэтыя затрыманні: і абаронцаў Курапатаў, і Паўла Севярынца, і сённяшнія затрыманні – яны ўсе палягаюць у адным рэчышчы. Гэта зроблена рукамі бандыцкай улады, якая ні да вызвалення Менску, ні да беларускай нацыі дачынення не мае!», – лічыць Алена Талстая з Руху салідарнасці «Разам».

Тактыка дзеянняў улады ў гэткіх сітуацыях амаль не змяняецца: прэвентыўна затрымліваць лідараў, а на месцы акцыі браць усіх без разбору.

«Ніводная несанкцыянаваная акцыя ў Рэспубліцы Беларусь не адбудзецца. А калі адбудзецца, то будзе спыненая вельмі хутка, эфектыўна, на падставе існуючага заканадаўства», – запэўніваў міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч.

Невядома, якое заканадаўства мае на ўвазе аматар эстэтыкі НКВД. Але адназначна не свабоду сходаў, гарантаваную Канстытуцыяй.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»