Вёска Паўлаўка пад Слуцкам вядомаю на ўсю Беларусь стала нядаўна. Менавіта сюды, паводле шматлікіх сведчанняў, прывозілі ўдзельнікаў першых паслявыбарчых пратэстаў. Адзін з затрыманых, Павел Патапаў, так распавядаў у эфіры «Белсату» пра гэтае месца.
«Павярнулі в лес, доўга ехалі па лесе, у галаву прыходзілі розныя думкі… Напачатку гэта падалося нейкай прамзонай. Куча людзей з аўтаматамі. Нас прывезлі праз нейкія вялізныя вароты, як звычайна паставілі тварам да сцяны… Мы пад падушкамі, пад матрацамі знаходзілі часопісы, хутчэй за ўсё гэта было падрыхтавана даўно і там ужо хтосьці знаходзіўся».
Жыхары вёскі Паўлаўка згадваюць, што за савецкім часам у гэтым месцы была вайсковая частка:
«Салдаты стаялі кадравыя спачатку, можа ракетчыкі, а ўжо потым зрабілі вольнае пасяленне».
«Гэта вольнае пасяленне было, гадоў дзесяць напэўна былі тут гэтыя хлопцы. Потым перайменавалі ў ЛТП, мужчынскі. Там і царква была, мы хадзілі на адкрыццё, яна здаецца і цяпер дзее. Потым ужо жанчыны сталі жыць, таксама алкаголікі».
Падчас паслявыбарчых падзеяў жыхароў лячэбна-працоўнага прафілакторыю этапавалі ў іншыя ўстановы, а на тэрыторыі арганізавалі імправізаваны лагер для арыштаваных удзельнікаў пратэстаў. Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў – ненадоўга:
«Пагаворвалі адразу, што тут СІЗА можа будзе, бо там насамрэч пабудова такая, каб з гораду вынесці».
«Уначы прывезлі, ніхто нават не бачыў. Я ранкам у лес ішла ў лес, дык бачыла што многа машын было. А ўжо ўвечары нікога не было – пуста і глуха стала».
«Потым іх вывезлі, ну распусцілі і яны раз’ехаліся пад дамах і ўсё».
Паводле мясцовых жыхароў, цяпер на гэтай тэрыторыі зноў функцыянуе Слуцкі лячэбна-працоўны прафілакторый.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»