Аб'ектыў 03.12.2018 Сусветны банк вылучыць $ 200 мільярдаў, каб спыніць глабальнае пацяпленне


Сусветны банк абяцае 200 мільярдаў долараў на барацьбу са змяненнем клімату. Калі не спыніць гэтага працэсу – наступствы будуць катастрафічныя, а нашае жыццё кардынальна зменіцца. Пацяпленне клімату прыспешваецца, а змены ў навакольным асяроддзі ўжо пачынаюць быць бачныя.

Дваццаць гадоў таму ў гэтым месцы працавала вугальная шахта. Сёння дэлегаты з амаль двухсот краінаў размаўляюць тут пра тое, як адмовіцца ад выкапнёвага паліва. У польскіх Катавіцах адкрыўся кліматычны саміт ААН. Анджэй Дуда, прэзідэнт Польшчы:

«Цягам наступных дзён прыбылыя сюды адмыслоўцы з усяго свету сутыкнуцца з велізарнаю праблемай. Я хачу вас запэўніць, што Польшча, гаспадар саміту, вельмі спадзяецца на поспех усіх нас, які будзе вызначаць будучыню, якасць жыцця і перспектывы для развіцця ўсіх краінаў свету».

Самым чаканым вынікам саміту мае быць прыняцце Праграмы ажыццяўлення Парыжскай дамовы. Тры гады таму сто дзевяноста пяць дзяржаваў дамовіліся пра недапушчэнне павышэння сярэдняй глабальнай тэмпературы на больш як два градусы. Аснова парыжскіх дамоўленасцяў – імкненне як мага хутчэй скараціць выкіды цеплавых газаў. Аднак ужо вядома, што абавязанняў Парыжскай дамовы замала, каб дасягнуць жаданую мэту.

«Мы не дасягнем у 2020-ым таго, што абяцалі ў Парыжы. У той жа час парыжскіх абавязанняў не дастаткова. Нам трэба больш амбіцыяў», – каментуе Антонью Гутэрыш, генеральны сакратар ААН.

Вядома, што не ўсе краіны аднолькава імкнуцца здзейсніць амбітныя мэты і адмовіцца ад выкапнёвага паліва – у прыватнасці гэта Расея ды краіны Персідскай затокі. А пагроза кліматычнай катастрофы расце.

«Для шмат якіх людзей і рэгіёнаў, а нават краінаў гэта ўжо пытанне жыцця ды смерці. Паводле звестак Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, 20 рэкордна цёплых гадоў былі цягам апошніх 22-ух гадоў, з іх чатыры самыя цёплыя – цягам апошніх чатырох гадоў», – тлумачыць Антонью Гутэрыш.

Экстрэмальныя ўмовы надвор’я, сельскагаспадарчыя страты, павышэнне ўзроўню мора, а таксама канфлікты і масавая міграцыя – гэта толькі некаторыя наступствы пацяплення клімату, якія зможам убачыць цягам бліжэйшых дзесяцігоддзяў. Дэйвід Этэнбара, брытанскі біёлаг, тэлевядоўца і падарожнік тлумачыць:

«Калі мы не зробім адпаведных захадаў, крах нашай цывілізацыі ды знікненне большай часткі свету – у агляднай будучыні».

Фінансаванне барацьбы са змяненнем клімату падвоіць Сусветны банк. Як адзначыла кіраўніца фінансавай установы на саміце ў Катавіцах, цягам пяці гадоў для гэтага вылучаць дзвесце мільярдаў долараў.

Ганна Мордань, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары