Суседзі змагаюцца за Беларусь


Памежны камітэт Беларусі парушыў канвенцыю аб дыпламатычнай недатыкальнасці. Беларусы просяць прытулку ў амбасадзе Швецыі. Літва і Польшча прапануюць дапамогу беларускаму народу. Як канфлікт паміж беларускім грамадствам і Аляксандрам Лукашэнкам перасякае беларускія межы, распавядзе Аляксандр Папко.

Амбасада Швецыі ў Менску. Прадпрымальнік Уладзіслаў Кузнечык і ягоны бацька Віталь пераскочылі праз плот дыпламатычнага прадстаўніцтва ды папрасілі палітычнага прытулку. У нядзелю на маршы пратэсту ў Віцебску іх спрабавалі схапіць сілавікі.

«Людзі прападаюць, іх знаходзяць з праламанымі галовамі, павешанымі. Калі нас не пускаюць, то што яшчэ мы можам зрабіць? Мы пералезлі праз плот і сядзім тут, на тэрыторыі шведскай амбасады. Цяпер АМАП ачапіў шведскую амбасаду і патрабуе нас выдаць. Спадзяюся гэтага не адбудзецца», – распавёў у відэазвароце Уладзіслаў Кузнечык.

Парушаючы Жэнеўскую канвенцыю, беларускія памежнікі агледзелі аўтамабіль амбасадара Украіны.

«Ваш амбасадар, калі будзе ехаць сюды, мы яго сустрэнем зусім па-іншаму. Мы пачынаем дыпламатычную вайну! Вы хочаце гэтага?» – запытаўся ў памежнікаў абураны амбасадар Ігар Кізім.

Канфлікт паміж Аляксандрам Лукашэнкам і беларускім грамадствам робіцца рэгіянальнаю праблемаю – лічыць палітолаг Вераніка Лапуцька.

«Калі Еўрапейскі Звяз і еўрапейскія краіны пачнуць рабіць больш рашучыя крокі, гэта можа прывесці да гуманітарнай катастрофы. Тысячы беларусаў пачнуць прасіць прытулку ў амбасадах, краінах Еўрапейскага Звязу, выязджаць з краіны», – прагназуе аналітык «EAST Center» Вераніка Лапуцька.

Услед за Бруселем кропкавыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі намераны ўвесці Вашынгтон. Пра гэта паведаміў намеснік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігун.

Зрабіць сітуацыю ў Беларусі прадметам абмеркавання кіраўнікоў Еўрапейскага Звязу спрабуюць Польшча і Літва. Прэм‘ер Польшчы Матэўш Маравецкі нават запрасіў Святлану Ціханоўскую на паседжанне Вышэградскай групы. Гэта форум кіраўнікоў Цэнтральнай Еўропы, дзе яны ўзгадняюць сваю знешнепалітычную пазіцыю.

Дапусціць Святлану Ціханоўскую да дыскусіі прэм’ераў не пагадзіўся кіраўнік чэшскага ўраду Андрэй Бабіш. Затое Прага, Браціслава і Будапэшт пагадзіліся на іншую ініцыятыву Варшавы. Яны будуць пераконваць Брусель скасаваць візы для беларусаў і дапамагчы ў эканамічных рэформах, калі Лукашэнка сыдзе.

«Чэхія, у адрозненне ад Літвы і Польшчы, не мае агульнай мяжы ды агульнай гісторыі з Беларуссю. Такі адважны падыход Варшавы і Вільні да беларускіх справаў вельмі цёпла ўспрымаецца польскім ды літоўскім грамадствам», – каментуе эксперт пражскай Асацыяцыі міжнародных справаў Павэл Гаўлічэк.

Абмеркаваць эканамічную дапамогу Беларусі пасля «канца эры Лукашэнкі» заклікаў і прэзідэнт Літвы. Літоўскі Сейм учора прызнаў Ціханоўскую выбраным лідарам, а Лукашэнку – нелегітымным кіраўніком.

«Для Літвы, як і для Польшчы, важна, каб побач быў сусед са стабільным палітычным жыццём, са стабільнай эканомікаю. Трэба памятаць, што для Літвы застаецца вельмі важным пытанне АЭС у Астраўцы. Запуск гэтай АЭС моцна лабіюе Масква, а Літва, магчыма, спадзяецца гэты праект спыніць», – мяркуе Вераніка Лапуцька.

Расея тым часам спрабуе ўратаваць Лукашэнку, высылаючы пі-ар-адмыслоўцаў і абяцаючы адтэрмінаваць выплату пазык.

«Пяскоў заявіў, што «мы гатовыя дапамагчы Лукашэнку з канстытуцыйнай рэформай, у нас вялікі досвед». Я думаю, што будуць прыцягнутыя расейскія юрысты, каб распрацаваць канстытуцыйную рэформу такім чынам, што яна будзе ўяўляць, як і расейская канстытуцыйная рэформа, нейкую форму падману грамадзянаў», – каментуе расейскі палітолаг Аляксандр Марозаў.

Што аб прызнанні на Захадзе Ціханоўскай думаюць звычайныя беларусы?

«Я падтрымліваю і салідарны з Латвіяй, Літвой ды іншымі краінамі, якія прызналі Святлану Ціханоўскую прэзідэнтам».
«У нас прэзідэнт Лукашэнка. А хто такая Ціханоўская? Ну ты мне патлумач! Хто яна такая? Гэта проста баба, ну баба ж!»
«Я падтрымліваю, але як на гэта паглядзіць рэшта міжнароднай супольнасці: падтрымае яно ці не?» – каментуюць жыхары Віцебску.

Пакуль Святлану Ціханоўскую знаёмяць з сусветнаю палітычнай элітаю, Менск і Масква праводзяць супольныя вайсковыя вучэнні. У панядзелак на прыём да Уладзіміра Пуціна паляціць Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Фота: Сейм Польшчы