Судзяць без разбору – і сталых і шматдзетных


Заслужаны дзеяч адукацыі Беларусі, педагог з амаль паўвекавым стажам, Рыгор Бурван атрымаў папярэджанне ў судзе. На 80-гадовага пінчука склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

«На маё ўражанне, нават суддзі было не зусім прыемна, ён няўтульна сябе адчуваў. Дастойны чалавек, узрост дастойны», – кажа Генадзь Гурын, вучань і калега Рыгора Бурвана.

16 жніўня мужчына выступіў на мітынгу на плошчы Леніна перад пінчукамі, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў.

«Цяпер я цвёрда вырашыў, што буду хадзіць на ўсе мітынгі. І цяпер я буду заклікаць, не проста выказваць сваё меркаванне, а заклікаць людзей арганізоўвацца ў рамках канстытуцыі, у рамках закону і дабівацца таго, каб у Беларусі ўзялі верх права і свабода», – адзначае Рыгор Бурван.

Большасць жа судоў у Беларусі заканчваюцца далёка не папярэджаннямі. Штрафам на 540 рублёў суддзя Алена Гормаш пакарала шматдзетную маці Кацярыну Корзан з Бабруйску, якую да таго ж кіраўніцтва змусіла звольніцца з працы. У жніўні жанчына збірала подпісы за адкліканне дэпутата, яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.

«Вельмі адрозніваліся паказанні працаўнікоў міліцыі з іх рапартамі, з відэа, якое яны прадставілі ў якасці доказу. Таму мы з адвакатам не згодныя з рашэннем суда і будзем падаваць абскарджанне ў Магілёўскі абласны суд», – кажа Кацярына Корзан.

Абскарджанне найчасцей сітуацыі не папраўляе. У абласным судзе Віцебску разабралі скаргу праваабаронцы Ірыны Траццяковай. У чэрвені жанчына вяла назіранне на пікеце збору подпісаў. Суддзя Алена Грабянчук пастанавіла, што актывістка ўдзельнічала ў несанкцыянаванай акцыі і аштрафавала яе на 540 рублёў. Але на фота і відэа ў матэрыялах справы быў зусім іншы чалавек.

«У судзе першай інстанцыі, у Чыгуначным судзе, нават у працэсе судовага паседжання не пажадала перагарнуць і ўбачыць (а мы знаёмыя з гэтай суддзёй), што Траццякова – гэта не Траццякова», – абураецца праваабаронца.

Падчас разгляду скаргі ў абласным судзе суддзя Яўген Буруноў адмяніў рашэнне, але справы не закрыў, скіраваўшы на паўторны разгляд.

«Дзеля судовай статыстыкі, каб статыстыка была на вышыні, – няхай лепш чалавек цярпіць. Так, на жаль, у нас пабудавана ўсё ў краіне», – тлумачыць праваабаронца Павел Левінаў.

З тым, што ў краіне дзее рэпрэсіўная машына, не можа не пагадзіцца і наш калега Андрэй Толчын, які выйшаў на свабоду пасля пяці содняў зняволення, яго затрымалі ля дому перад выходнымі. Цягам усяго арышту гомельскі журналіст трымаў сухую галадоўку.

«Гэта праца рэпрэсіўнай машыны, якую можна зламаць толькі стойкасцю духа людзей і, магчыма, тым, што ўдзельнікі гэтых рэпрэсіяў павінны адчуваць, што яны таксама ў небяспецы, гэтаксама, як і іншыя грамадзяне», – лічыць Андрэй Толчын.

Небяспеку адчуваюць прынамсі тыя, хто ідзе супраць сістэмы. Былы міліцыянт Дзмітрый Чалаў адбыў дзесяцідзённы арышт за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

«Большасць маіх знаёмых і сяброў трапілі за несанкцыянаванае мерапрыемства ў ІЧУ, пасля гэтага ў мяне не заставалася іншага выйсця, я 14 жніўня падаў рапарт», – распавядае Дзмітрый Чалаў.

Былы міліцыянт лічыць, што на прыняцце судовага рашэння паўплывала тое, што ён звольніўся з праваахоўных органаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»