Суды працягваюць раздаваць штрафы і содні пратэстоўцам і актывістам


Учарашнія мірныя акцыі пратэсту суправаджаліся масавымі затрыманнямі. Паводле звестак Міністэрства ўнутраных справаў, па краіне былі зняволеныя 633 чалавекі. Працягваюцца працэсы над затрыманымі ў папярэднія дні, а таксама падчас датэрміновага галасавання. Цяпер суда чакаюць 363 асобы.

У Магілёве на 810 рублёў аштрафавалі Уладзіміра Шанцава. Старшыню мясцовай суполкі Абʼяднанай грамадзянскай партыі судзілі адразу паводле чатырох пратаколаў за ўдзел у акцыях супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту.

«Я абсалютна не вінаваты. Ёсць артыкул 35 Канстытуцыі, у якім напісана, што грамадзянам гарантуецца свабода мітынгаў і дэманстрацый. Але, на жаль, у нашай краіне замест слова свабоды выкарыстоўваецца толькі перашкода», – кажа старшыня АГП Магілёўскай вобласці Уладзімір Шанцаў.

Па 1350 рублёў штрафу забавязаў выплаціць Кастрычніцкі суд Магілёва журналістаў-фрылансераў Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага, артыкул 22.9. На тэлеканале «Белсат» паказалі іхнае відэа з мітынгу падтрымання Святланы Ціханоўскай, які адбыўся 18 ліпеня.

«Магілёўская міліцыя вядзе бессэнсоўны пераслед мяне як журналіста-фрылансера. І намагаецца такім чынам пакараць за дзейнасць журналісцкую, за тое, што мы паказваем і расказваем, што адбываецца насамрэч. А таксама – націснуць, магчыма, дзеля таго, каб мы перасталі гэтым займацца», – абураецца журналістка-фрылансерка Аліна Скрабунова.

У Гомлі на 675 рублёў аштрафавалі Святлану Нарскіну за ўдзел у акцыях у канцы жніўня. Пры гэтым з пятніцы яна заставалася ў гарадскім ізалятары часовага ўтрымання – да суда.

«Вядома, я не задаволеная такім рашэннем судоў. Гэта маё канстытуцыйнае права – гуляць там, дзе я хачу, збірацца з сябрамі. Таксама я ведаю, што маю права на крытыку ўлады», – сцвярджае Святлана Нарскіна.

У Менску паўдня разглядалі справу эколага Ірыны Сухій, якую напярэдадні забралі з дому нібы на размову ў Савецкі РУУС, аднак склалі пратакол за ўдзел 3 верасня ў жаночым маршы. Справу фабрыкавалі на аснове фотаздымкаў з ейных старонак у сацыяльных сетках. Як высветлілася на судзе, увечары 3 верасня Ірыны нават не было ў Менску, і браць удзел ні ў якой акцыі яна не магла.

«Пасля таго, як затрымалі, яны пачалі прыдумваць чаму. А сапраўдная прычына затрымання, як мне падаецца, гэта актыўнасць Ірыны Сухій у галіне супрацьстаяння запуску Беларускай атамнай электрастанцыі і ўвогуле актыўнасць на міжнародным узроўні – яна зʼяўляецца актыўнай удзельніцай Беларускай нацыянальнай платформы», – мяркуе дырэктар сакратарыяту БНП Аляксей Мінчонак.

Справу Ірыны Сухій адправілі на дапрацоўванне, аднак эколага пакінулі ў ізалятары на Акрэсціна на 72 гадзіны. Судзілі сёння і журналістку Насту Захарэвіч. Калегі не маглі знайсці яе трое содняў. Сённяшні вырак за ўдзел у суботнім жаночым маршы – 7 дзён арышту. Пра палітолага Андрэя Ягорава, якога затрымалі напярэдадні, стала вядома, што яго трымаюць у турме ў Жодзіна. Суда над ім пакуль не было.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»