Суды над журналістамі: Ягора Марціновіча аштрафавалі, справу Змітра Казакевіча скасавалі


Суд Першамайскага раёну Віцебску папрасіў прабачэння перад журналістам нашага каналу Змітром Казакевічам і скасаваў справу за ўдзел у масавым мерапрыемстве. Што праўда, у мінулым месяцы яго паспелі за гэта пакараць 10 соднямі, і 5 з іх наш калега правеў у ізалятары. А вось у Менску рэдакатара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча аштрафавалі за ўдзел у акцыі.

Штраф 405 рублёў. Такую пастанову суд Заводскага раёну Менску вынес галоўнаму рэдактару «Нашай Нівы» Ягору Марціновічу. Суддзя Алена Някрасава прызнала, што ён удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу ў ноч на адзінаццатага жніўня. Марціновіч сцвярджае, што працаваў як журналіст і быў затрыманы сілавікамі, якія спынілі ягоную машыну.

«Штраф – гэта нешта прамежкавае. Гэта ўсё адно пакаранне, незаконнае пакаранне, але лепш, чым знаходжанне на сутках. Натуральна, мы будзем яго абскарджваць. І натуральна, свабода слова павінна заставацца ў прыярытэце», – кажа галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч.

На мінулым тыдні Ягор Марціновіч правёў у ізалятары на Акрэсціна тры дні за нібыта паклёп у дачыненні намесніка міністра ўнутраных справаў Аляксандра Барсукова. Цяпер журналіст у статусе падазраванага ў гэтай крымінальнай справе.

«Мы будзем працаваць яшчэ больш аддана, яшчэ больш з запалам, таму што кожны журналіст разумее, што зараз ад яго вельмі многае залежыць. Зараз мы ў той сітуацыі, калі журналісты сапраўды патрэбныя нашаму грамадству. І чым больш катаванняў, чым больш адсутнасці прававых механізмаў мы назіраем, тым лепш мы працуем», – гаворыць журналістка «Нашай Нівы» Настасся Роўда.

А ў Першамайскім судзе Віцебску справу ў дачыненні нашага калегі Змітра Казакевіча скасавалі праз недаказанасць віны. Суддзя Вераніка Барысава ад імя суда папрасіла ў журналіста прабачэння.

«Насамрэч я працаваў. Мы спрабавалі данесці да людзей праўду пра тое, што адбываецца ў нашым горадзе пасля так званых прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Мы здымалі, глядзелі, напітваліся ўражаннямі, каб потым перадаць людзям», – кажа журналіст «Белсату» Зміцер Казакевіч.

9 жніўня Змітра Казакевіча затрымалі ды арыштавалі на 10 содняў за ўдзел у масавай акцыі. 5 дзён журналіста пратрымалі ў віцебскім ізалятары. Зміцер збіраецца дамагацца матэрыяльнай і маральнай кампенсацыі за незаконнае зняволенне.

Анастасія Русецкая, «Белсат»