Аб'ектыў 28.11.2016 Судовыя рэпрэсіі ўладаў за памяць пра рэпрэсіі сталінскія


https://youtu.be/Ou6Afq3ZoUI

Судовая сістэма нашае краіны як працяг судовае сістэмы Савецкага Саюзу – не гэтак брутальна, але мэтанакіравана вынішчае іншадумства. Ахвярамі правасуддзя па-беларуску зноў сталіся тыя, хто заклікаў ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

За пратэст, зарганізаваны кааліцыяй правацэнтрыстаў у дзень Кастрычніцкага перавароту каля будынку КДБ у Менску сёння суд Цэнтральнага раёну сталіцы пакараў лідара Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку штрафам на тысячу пяцьдзясят рублёў. Гэты працэс стаўся для палітыка ўжо сямнаццатым за апошнія два гады.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА ЛІДАР АБʼЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ:

«Гэта суправаджаецца яшчэ і спробамі забраць аўтамабіль, маёмасць і.гд. Гэта дыскамфортна, гэта забірае шмат часу, але я адэкватна ўспрымаю гэтую сістэму. Для мяне гэтыя людзі – не суддзі. Для мяне гэтая сістэма не зʼяўляецца судовай. І я вельмі рады, што мая думка супадае з пазіцыяй падаўляючай большасці грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

Міні-перформансам падчас судовага паседжання апазіцыянеры нагадалі суддзі, што нават паводле афіцыйных звестак беларусы не давяраюць айчыннай судовай сістэме.

Таксама на лаве падсудных за акцыю сёмага лістапада апынуліся старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, справу якога суддзя вярнула на дапрацоўванне праз не адпаведнасць пратаколу, і сустаршыня арганізацыйнага камітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі. Разгляд справы апошняга перанеслі на дзявятага снежня праз няяўку сведкаў.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ СУСТАРШЫНЯ АРГКАМІТЭТУ ПАРТЫІ БХД:

«З часоў савецкай улады нашая судовая сістэма не змянілася. Яна брутальна зʼяўляецца рэпрэсіўнай машынай. Толькі што прысуды – жорсткасць іх розная. Але, як вядома, гэта залежыць ад знешніх абставінаў. Таму я лічу, што ўдзел і арганізацыя акцыі 7-га лістапада была абсалютна правільная. І мы будзем, безумоўна, ушаноўваць гэты дзень і дамагацца, каб 7-га лістапада не было днём нацыянальнага свята ў РБ, але днём нацыянальнага смутку».

Калі савецкая спадчына «наверсе» лічыцца недатыкальнаю, то беларуская нацыянальная – хутчэй, небяспечнаю. У судзе Савецкага раёну Менску разгледзелі справу сябры руху «За свабоду» Змітра Кантаровіча – паводле абвінавачання ў правядзенні незаконных пікетаў падчас збору подпісаў на падтрыманне бел-чырвона-белага сцяга.

ЗМІЦЕР КАНТАРОВІЧ СЯБРА РУХУ «ЗА СВАБОДУ»:

«Было б не так крыўдна, калі б я браў актыўны ўдзел у зборы, прапаноўваў нешта, раздаваў улёткі. Тады было б не так крыўдна».

Паводле звестак грамадзянскай ініцыятывы «За справядлівы суд у Беларусі» і «Беларускага дакументацыйнага цэнтру», за апошнія паўтара года беларускіх актывістаў за ўдзел у рознага кшталту акцыях, дазволеных галоўным законам нашае краіны – Канстытуцыяй, пакаралі штрафамі ўжо больш як на мільярд рублёў.

Лола Бурыева, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары