Судовыя рэпрэсіі 20 студзеня: гады «хіміі», новыя паседжанні, штрафы


14 ліпеня на Нямізе затрымалі 20-гадовага студэнта Уладзіміра Хамічкова. За супраціў васьмярым апамаўцам і ўдзел у пратэсце хлопца накіроўваюць у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 4 гады. Да таго ж вырашылі спагнаць амаль 6 тысяч рублёў.

Без накіравання ў папраўчую ўстанову два гады «хіміі» атрымаў Аляксандр Глазырын. На фотаздымках, размешчаных у тэлеграм-канале «Брест 97 процентов», берасцеец пазнаў у адным з міліцыянтаў сябра дзяцінства Паўла Тасоева, пасля чаго напісаў абразлівы каментар пад публікацыяй.

Таксама ў Берасці пачаўся крымінальны працэс за ўдзел у пратэсце, які скончыўся карагодам на скрыжаванні бульвару Касманаўтаў і праспекту Машэрава. Разам з Віталём Літвінам на лаве падсудных яшчэ дзевяць асобаў. Кожнаму пагражае абмежаванне волі ці пазбаўленне волі да трох гадоў.

«На тым перакрыжаванні было весела насамрэч. Пакуль я туды ішоў, там свята разышлося напоўніцу. У прынцыпе, мяне ў гэтае свята і зацягнула. Вось рэальна, там сабраліся не наркаманы, не было там п’яных. У прынцыпе, чаму было з імі прыемна знаходзіцца, таму што былі рэальна адэкватныя, прыгожыя, класныя людзі», – падзяліўся Віталь Літвін.

У Віцебску – пачатак крымінальнага працэсу над 22-гадовай Юліяй Кашаверавай, якая, як сцвярджае следства, падчас шэсця 4-га кастрычніка сарвала маску і кепку з амапаўца ды ўдарыла нагою па бусе. Дзяўчыне пагражае да 6 гадоў зняволення.

«Чалавек знаходзіцца пад арыштам ужо доўгі час, і за гэтыя тры месяцы я бачу, што Кашаверава змянілася», – кажа праваабаронца Ірына Траццякова.

За арганізацыю дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак, распачалІ суд над Аляксандрам Міронавым з Менску. Мужчыну затрымалі 1 лістапада на маршы ў Курапаты. Пагражае абмежаванне волі ці зняволенне да трох гадоў.

«Дастаткова бадзёры, з годнасцю і ўпэўнены ў сабе. Таму што за ім віны няма. Ён не здзяйсняў тых супрацьпраўных дзеянняў, у якіх яго абвінавачваюць», – упэўненая жонка абвінавачанага Вольга Міронава.

На 26 студзеня перанесены суд над Віталём Красніцкім з Бабруйску. Актывіст забастоўкі на «Белшыне» выйшаў у ліпені пасля паўгадовай адседкі за крадзеж. Красніцкі кажа, што не меў дачынення да крадзяжу і пайшоў за краты за сябра, у якога двое малых дзяцей. З канца жніўня завадчанін атрымаў каля васьмі пастановаў суда за ўдзел у пратэстах і невыкананне патрабаванняў нагляду, адседзеў больш за 50 дзён пад арыштам. Нагляд усталёўваецца ў выпадку дзвюх ці болей адміністратыўных справаў цягам двух гадоў пасля вызвалення.

«Было на 15 хвілін, на 40 хвілін спазніўся – за гэтае парушэнне зараз будуць судзіць. Увогуле ад месяца да года. Думаю, больш за тры месяцы не павінны даць», – распавядае Віталь Красніцкі.

А на судзе над Іванам Каспяровічам, былым адміністратарам тэлеграм-каналу «Доска позора Лида», затрымалі некалькі асобаў. Падзею звязваюць з учорашнімі абурэннямі групы падтрымання на судзе актывіста Вітольда Ашурка, які атрымаў 5 гадоў пазбаўлення волі.

Сёння чарговыя суды над работнікамі Нацыянальнага аэрапорту і «Белавіі» за відэазварот, які ў пратаколе акрэслілі як пікет. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» двум далі па 870 рублёў штрафу.

«Гэта мусіў хтосьці зрабіць. Гэта дало добры рэзананс, і я лічу, што паступіў правільна», – упэўнены працаўнік Нацыянальнага аэрапорту Дзмітрый Макаед.

Паводле праваабаронцаў, 4 чалавекі адправілі агулам на шэсцьдзесят два дні арышту. Адзінаццаць чалавек атрымалі больш за 8 тысяч рублёў штрафаў. За кратамі застаюцца 187 палітвязняў.

Дзіяна Раткевіч, belsat.eu