Аб'ектыў 18.03.2019 Судовая справядлівасць. Суддзя вырашыў, што хатняя гаспадыня – «дармаедка»


Чыноўнікі мелі рацыю, калі залічылі гаспадыню да дармаедаў. Гэтак пастанавіў суд Чыгуначнага раёну Гомля, які адмовіў гамяльчанцы ў кампенсацыі ад «камісіі». Ці магчыма беларусам абараніцца ад высокай камуналкі за тое, што не маеш працы?

Годнасці не абразілі. Суддзя Ілля Свірыдаў не задаволіў скаргі Марыі Тарасенкі на чыноўнікаў, якія назвалі хатнюю гаспадыню не занятай у эканоміцы.

«Сам факт агалошвання таго, што мяне папракнулі ў тым, што я не працую, таму мне павышаецца камуналка ў некалькі разоў, падагрэў вады, гэта ўжо маральныя пакуты», – кажа Марыя Тарасенка.

Суд вызначыў, што пасадоўцы размаўлялі з кабетаю ветліва, а таму пазоў на 1000 рублёў кампенсацыі не можа быць задаволены.

«Як мінімум, пазіцыя Марыі Тарасенка выклікае павагу. Яна прыйшла паказаць, што яна – не насельніцтва на гэтай тэрыторыі, а грамадзянка сваёй краіны», – зазначае Леанід Судаленка, прававы інспектар незалежнага прафсаюзу РЭП.

Зрэшты, вырак будуць абскарджваць у вышэйшых інстанцыях. І юрыдычная падстава напраўду высокая.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, артыкул 41. Дзяржава стварае ўмовы для занятасці насельніцтва, а прымусовая праца забараняецца. Ёсць там яшчэ і словы пра дзяржаўную дапамогу ў беспрацоўі. Ні пра які падзел людзей на задзейнічаных або не задзейнічаных у эканоміцы ды пагатоў пра пакаранне за адсутнасць працы – не вядзецца.

Але, не зважаючы на відавочную спрэчнасць з Канстытуцыяй, праваабаронцы дагэтуль у пошуках адказу: ці магчыма ўвогуле ў гэтай сістэме абараніць свае элементарныя правы?

«Сёння мы, юрысты, не можам адказаць. Бо сам дэкрэт – ён настолькі недарэчна зроблены з юрыдычнага пункту гледжання. Тое, што мы прапаноўвалі абскарджваць дзеянні пасадовай асобы ў судзе, бачыце, нічога не дало», – кажа Алег Волчак, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву».

Праваабаронца раіць гэтак званым «дармаедам» аплочваць завышаныя камунальныя паслугі, бо ў адваротным парадку могуць налічыць пеню ці нават высяліць з кватэры. Разам з тым, Алег Волчак кажа, што трэба змагацца: пісаць скаргі ў айчынныя інстанцыі, а потым і ў камітэт ААН па правах чалавека. Гэтак, і змаганне ў судзе Марыі Тарасенка мае сэнс, – лічыць Андрэй Стрыжак, яе прадстаўнік у судзе:

«Прыйдзе час, калі будзе падведзеная рыса пад усімі дзеяннямі ўлады, якія цяпер ёсць у Беларусі. І ўсяму будзе ацэнка. Мы працуем на перспектыву ў першую чаргу».

Адмыслоўцы дадаюць: улады зрабілі высновы з пратэстаў 2017-га года. А цяпер, калі грамадства кансалідавана не праяўляе сваёй незадаволенасці, улады будуць выцягваць грошы з кішэняў грамадзянаў. Хай сабе і незаконна.

«Калі б тыя, хто думалі пра гэты дэкрэт, пажылі б на нашыя грошы, яны б, можа быць, зразумелі, што існуе Беларусь бедных людзей», – кажа наведніца судовага працэсу ў Гомлі Марыя Багданава.

Але, як у старой показцы, сыты галоднага не разумее.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары