Суд забараніў, але СТАА «Вецер» працягвае будоўлю


Экспертызу адклікалі, будоўлю спыніць пастанавілі, мясцовыя жыхары пратэстуюць, але што толку? СТАА «Вецер» працягвае будоўлю адміністрацыйнага комплексу з паркінгам фактычна ў двары жылога дому, нягледзячы ні на што.

Пасля шматлікіх зваротаў мясцовых жыхароў у студзені на будоўлю па адрасе праспект Незалежнасці 93Б звярнула сваю ўвагу пракуратура, якая знайшла парушэнні ў зацверджанні праекту пабудовы. Галіна Сінілевіч, мясцовая жыхарка:

«22 студзеня Камітэт архітэктуры Менгарвыканкаму адклікаў свой дазвол на будаўніцтва гэтага аб’екту, а 24 студзеня і Дзяржбудэкспретыза адклікала свой дазвол».

З 2-га да 18-га лютага будоўля не вялася, аднак пасля ўзнавілася, хоць ніякага дазволу ў забудоўніка на гэта не было. Алена Пенкрат, мясцовая жыхарка, кажа:

«Але мы з вамі сёння бачым, што будаўніцтва працягваецца, захопліваецца новая зямля. Паглядзіце, дрэвы, за якія мы змагаемся, гэта тры ліпы, якія засталіся. Высечаныя больш за 300 дрэваў, я нагадаю, у гэтай зоне. І, дарэчы, адміністрацыя Першамайскага раёну не хоча прымаць ніякага ўдзелу, нас пастаянна адсылаюць у Менгарвыканкам».

Жыхары навакольных дамоў ужо амаль два гады скіроўваюць звароты ў адміністрацыю гораду і раёну, а таксама ладзяць пратэсты супраць будоўлі. Аднак забудоўнік усё роўна спачатку практычна цалкам вынішчыў зялёную зону ў двары, а цяпер узводзіць будынак, не зважаючы ні на што.

«Вельмі важна, каб жыхары сачылі за грамадскімі абмеркаваннямі ў сваім раёне, бо на гэтым этапе нейкім чынам паўплываць на забудову свайго кварталу можна… Бо калі ёсць ужо і праект, і будаўніцтва пачалося, угаварыць забудоўніка і праектавальніка значна больш складана», – гаворыць Таццяна Сініца, юрыст «Экадому».

Учора ж мясцовыя актывісты атрымалі ліст з Камітэту архітэктуры Менскага гарвыканкаму, у якім паведамлялася, што дазволу на будоўлю не ўзнаўлялі.

«Менгарвыканкам адной рукою дае наказ адміністрацыі Першамайскага раёну ды інспекцыі Дэпартаменту аб наглядзе за будаўніцтвам спыніць будоўлю. Тэрмінова спыніць мантажныя працы. Але так, як яны вядуцца, на падставе загаду Менгарвыканкаму, лагічна было б адклікаць гэты загад. Але адклікаць яго Менгарвыканкам адмаўляецца», – дадае Галіна Сінілевіч, мясцовая жыхарка.

Атрымаць каментар забудоўніка – эС-Тэ-А-А «Вецер» – нам не ўдалося. Так сталася, што ўвогуле ў Беларусі такія будаўнічыя кампаніі нячаста даюць нейкія тлумачэнні сваім дзеянням. Таццяна Сініца, юрыст «Экадому»:

«Я пакуль не бачу якіх-небудзь зменаў, нягледзячы на навіны, якія мы бачылі ў СМІ, што палітыка высечкі зялёных насаджэнняў у Менску мусіць змяніцца. Па факце на грамадскіх абмеркаваннях пакуль гэтага не бачна».

Бачна ж толькі тое, што шчыльнасць забудовы сталіцы ўсё павышаецца, як і кошты на квадратны метр.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu