Суд супраць блогера NEXTA: «Усё скіраванае на тое, каб СМІ перасталі на мяне спасылацца»


100 тысяч долараў – на столькі ацэньвае свой гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю кіраўнік Слонімскага раёну Генадзь Хоміч. Гэтыя грошы ён хоча спагнаць з незалежных журналістаў за публікацыю інфармацыі, што яго нібыта затрымалі за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Суд Савецкага раёну Менску распачаў разгляд патрабаванняў чыноўніка.

Адбылося папярэдняе слуханне, падчас якога ўладальніца інтэрнэт-сайту «Беларускі партызан» Святлана Калінкіна прапанавала прадстаўніку заяўніка залагодзіць канфлікт у дасудовым парадку.

«Мы прапаноўвалі міравое пагадненне, бо такія прэцэдэнты былі, і з сайтам «21.by» спадар Хоміч дамовіўся. Але што тычыцца нас, то за тую самую інфармацыю нам у міравым пагадненні ён адмовіў», – паведаміла ўладальніца інтэрнэт-сайту «Беларускі партызан» Святлана Калінкіна.

Таксама ў Бабруйску распачаўся суд супраць выдання «Вечерний Бобруйск». Першапачаткова ж паведамленне пра нібыта п’янага чыноўніка за стырном і ягоную жонку яшчэ ў жніўні ў сваім тэлеграм-канале NEXTA паведаміў журналіст Сцяпан Святлоў. Судовае паседжанне супраць яго прызначылі на 18 кастрычніка. Аўтар самага папулярнага беларускага тэлеграм-каналу не збіраецца ісці ў суд і заяўляе пра сфабрыкаванасць працэсу.

«Уся справа сфабрыкаваная і замоўленая, бо інцыдэнт з Генадзем Хомічам меў месца сапраўды напрыканцы ліпеня. А ўсе далейшыя дзеянні скіраваныя на тое, каб СМІ перасталі на мяне спасылацца. І каб мая інфармацыя ў вачах гледачоў была зменшаная ў вартасці», – заявіў блогер і журналіст Сцяпан Святлоў.

Аднак кіраўнік Слонімскага раёну патрабуе ад кожнага з выданняў зняпраўдзіць апублікаваную інфармацыю, а таксама спагнаць з журналістаў судовыя выдаткі і па 50 тысячаў рублёў, агулам – амаль беспрэцэдэнтныя – 100 тысяч долараў маральнай кампенсацыі.

«Што датычыць памеру шкоды, то мне падаецца, што яна значна вышэйшая, чымся практыка судоў, якія разглядаюць падобныя пазовы датычна СМІ. І я лічу, што суд усё роўна павінен карыстацца патрабаваннем разумнасці, калі будзе разглядаць гэтую справу», – кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч заяўляе: маральныя страты абумоўленыя тым, што паведамленне пра ягонае затрыманне праглядзелі 210 тысячаў чалавек. Чыноўнік таксама абяцае скіраваць спагнаныя грошы на патрэбы раённага шпіталю ў Слоніме.

Галіна Абакунчык belsat.eu