Своеасаблівы выязны суд прайшоў у Берасці – суддзя Аляксандр Семянчук з сакратаром самі прыехалі ў Ленінскі РАУС.
У панядзелак праціўнікаў будовы акумулятарнага заводу ў Берасці, якіх затрымалі ў пятніцу і нядзелю, судзілі за парушэнне Закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.
«Суд быў адмысловы выязны, толькі для нас, вельмі хуткі, бо практычна ўсе заявілі хадайніцтва азнаёміцца з матэрыяламі справы», – кажа адзін з праціўнікаў будаўніцтва заводу Уладзіслаў Абрамовіч.
Судзілі пратэстоўцаў не ў судзе, куды маглі б прыйсці ўсе ахвотныя, а проста ў будынку РАУСу.
«Ні мяне, ні іншых грамадзянаў не пусцілі на разгляд справы, хаця яны павінны разглядацца адкрыта. Я лічу, што гэта адмова ў правасуддзі, правасуддзя сёння не было, і лічу, што грамадзяне маюць права абскарджваць і дабівацца рэальнага разгляду справаў», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.
Ужо больш за год нядзелі ў актыўных берасцейцаў праходзяць падобна – яны выходзяць на цэнтральную плошчу, каб сказаць «не» акумулятарнаму заводу. Апошнімі разамі пратэстоўцы не проста традыцыйна кармілі галубоў, але і прайшлі калонаю па цэнтральных вуліцах Берасця.
Хто ў пратэстах не ўдзельнічае, той і ў станоўчы вынік пераважна не верыць. Пратэстоўцы ж настаўленыя на поспех.
«Чым больш улады затрымліваюць, тым больш людзей абураецца і прыходзіць. Я сам актыўна пачаў прыходзіць з кастрычніка, калі былі затрыманні», – кажа праціўнік будаўніцтва заволу Ягор Кандрацюк.
Палітыкі настойваюць на аб’яднанні ўсіх лакальных пратэстаў у Беларусі, бо самыя берасцейцы ў змаганні з уладамі не перамогуць. Сваю ж ролю палітыкі бачаць у каардынацыі працэсаў.
«Лакальныя пратэставыя кропкі, яны паўсюль: і ў Менску, і ў рэгіянальных гарадах, там разам з людзьмі нашы актывісты. Наша роля – дапамагаць, можа, у нечым накіроўваць», – заяўляе Юрась Губарэвіч з руху «За Свабоду».
У размове з «Белсатам» сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі прызнаецца, што мае спадзеў на тое, што гэтай вясной удасца распачаць агульнанацыянальную кампанію, «каторая спалучыць усе пратэставыя ініцыятывы рэгіянальныя і пратэставыя групы супраць ушчыльнення Менску».
Берасцейскія актывісты пра падтрыманне з боку палітычных партыяў пратэсту супраць заводу не адчуваюць.
«Асабіста я пра лідараў нічога сказаць не магу, нічога ад іх не бачыў і не чуў», – прызнаецца Уладзіслаў Абрамовіч.
Суды над выпушчанымі сёння актывістамі адбудуцца напрыканцы тыдня, перад наступнай акцыяй пратэсту.
Ірына Дарафейчук/«Белсат»; ілюстратыўнае фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum