Аб'ектыў 01.12.2019 «Сучаснае рабства» у Беларусі патаннела


У новы месяц з новымі цэнамі. Якія навіны для сямейнага бюджэту кожнага беларуса прынёс снежань?

Даражэйшымі ў снежні сталі дрэнныя звычкі. Тытунёвая фабрыка «Нёман» на 5 капеек павысіла цэны на цыгарэты «Пэл Мэл» і «Кент», а на «Воўґ» – на 10 капеек. Цяпер пачак апошніх абыдзецца ў 3 рублі 80 капеек. Гэта многа ці мала, і колькі маюць каштаваць цыгарэты? Адказваюць сталічныя курцы.

«Да двух рублёў самая аптымальная цана была б. Каб кожны мог дазволіць сабе – той, хто курыць».

«Тыя цэны, якія цяпер ёсць, іх трэба пакінуць. Адна, дзве, тры капейкі – гэта як бензін. Па капейцы павышаюць, і выходзіць шмат».

«Павінна каштаваць, як у Еўропе. Каб менш палілі».

«Я б іх увогуле забараніў. Я сам не палю ўжо гадоў трыццаць і не хачу, каб нехта ўвогуле паліў».

Даражэй будзе каштаваць і мабільная сувязь. Абаненцкую плату і кошт хвілінаў павысіў аператар А1. Узамен кампанія абяцае даць кліентам больш інтэрнэт-трафіку, СМС або дазволіць безлімітна карыстацца іншымі паслугамі.

Кіроўцаў, якія забыліся пераставіць сваю машыну на зімовыя шыны, ад сёння ДАІ будзе штрафаваць на 12 з паловай рублёў. Аднак першы дзень зімы прынёс ня толькі павышэнне цэнаў і штрафы.

Добрыя навіны для тых, хто хоча ўзяць крэдыт. Ад сёння пазыкі для фізічных асобаў патаннелі на траціну адсоткавага пункта, а з пачатку года – на два з паловай. Мінімальная стаўка, вызначаная Нацбанкам, цяпер меншая за 13 адсоткаў на год. Ці прымальная гэта сума?

«На спажывецкія патрэбы – я думаю, можна. А вось на кватэры – велікавата. Простым людзям будзе складана пацягнуць».

«Вельмі-вельмі высокая працэнтная стаўка. Нерэальныя грошы».

«Крэдыт – гэта ўвогуле сучаснае рабства», – кажуць жыхары Менску.

Аднак нават фінансавыя непрыемнасці адступаюць на другі план, калі надыходзяць Каляды і Новы год. Амаль 16 тысяч чалавек паставілі свае подпісы пад петыцыяй за тое, каб зрабіць аўторак 31 снежня выходным. Прэм’ер абяцаў петыцыю разгледзець, але рашэння пакуль не прыняў.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары