Суботнік: валанцёрства, ці прымус


Сёння ў Беларусі адбываецца рэспубліканскі суботнік. Сёлета ў ім бяруць удзел 3 мільёна грамадзян. Жыхар сталічнага мікрараёну Захад спадар Уладзімір адзін з іх. Ён часта ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні свайго і суседняга двара.

«А дрэваў пасадзіў ужо шмат тут. А чым кепска? Людзям дыхаць чымсьці трэба. Я не ведаю, як іншыя. Я разумею, некаторым – на лецішча ездзіць, а іншыя ўвогуле сядзяць на канапе тэлевізар глядзяць. Гэта што, нармальна?», – кажа Уладзімр Мацкевіч.

Але такіх, як Уладзімір, на сённяшнім суботніку ў дварах вуліцаў Цімашэнкі і Якубоўскага няшмат.

«На сённяшні дзень я бачу, што мясцовыя жыхары вельмі малаактыўныя. Магчыма, гэта звязана з пытаннямі камунікацыі паміж службамі ЖКГ і мясцовымі жыхарамі, таму што яе няма на сённяшні дзень», – кажа грамадская актывістка Таццяна Сіпачова.

Збольшага на суботніку працуюць камунальныя службы.

«Ну, калі б адмовіўся, то, напэўна, нічога б не было. Ну, а як ты адмовішся? Усе ж выходзяць, трэба ж прыбраць вясной горад», – кажа супрацоўнік камунальных службаў Уладзімр Якубцоў.

Да рэспубліканскага суботніку далучаюцца не толькі супрацоўнікі дзяржаўных арганізацыяў, але і прыватных. Да прыкладу, калектыў кампаніі «Парфюм-трэйд».

«Добрае надвор’е, добры настрой, са мной – мае супрацоўнікі. Я загадчыца крамы, і мне, напрыклад, прыемна, што супрацоўнікі мяне падтрымалі і выйшлі са мной», – расказвае Вераніка Каплеўская, загадчыца крамы «Міла».

Агулам у Менску сёння на добраўпарадкаванне выйшлі 700 тысяч чалавек. Але суботнік – гэта не зусім валанцёрства. Гэта праца, за якую працадаўца плаціць. Толькі да супрацоўніка гэтыя грошы не дойдуць.

«Заробак за красавік будзе меншы на велічыню заробка за адзін працоўны дзень. Гэты заробак пералічваецца ў фонд суботніку», – тлумачыць Алякснадр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Палова грошай з фонду застаецца мясцовым органам кіравання. Палова ж – накіроўваецца ў Міністэрства фінансаў. Частка грошай, якія пералічаць арганізацыі, пойдзе на рамонт манументу Перамогі ў Менску. Частка фінансаў – дзіцячым аздараўленчым летнікам.

Толькі ў Менску сёння, паводле аператыўных звестак, у фонд суботніку працадаўцы пералічылі больш за 2 мільёны беларускіх рублёў. У Віцебску ж жыхары сабраліся, каб садзіць дрэвы ля парку Тысячагоддзя.

«Людзі сабраліся, вялікі калектыў сабраўся, мы з сынам вырашылі прыехаць пасадзіць, чаму не?»

«Вельмі шкада, што за тысячу гадоў у нас парк Тысячагоддзя выглядае як поле. Хацелася, каб каля парку Тысячагоддзя было дрэва даўгалецця».

Тым часам Сусветная арганізацыя працы разглядае суботнікі ў Беларусі як прымусовую працу. Добраўладкоўваць тэрыторыю камунальнікам дапамагаюць жыхары заходнееўрапейскіх краінаў. Толькі там гэтая праца не лічыцца прымусам, бо звычайна талаку ініцыююць грамадзяне.

Наста Кахановіч, belsat.eu