Студэнты і пенсіянеры – супраць гвалту

Ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі выйшлі студэнты і выкладчыкі Лінгвістычнага ўніверсітэту. Да ўваходу ў галоўны корпус неслі кветкі, свечкі ды лампадкі.

«Хочуць сцерці з памяці тое, што было зроблена. А зробленая была страшная, несправядлівая рэч – забойства нявіннага чалавека. І за гэта трэба адказваць. Але, каб не адказваць, прасцей ж гэта знішчыць, быццам гэтага і не было. Можна ж перавярнуць старонку» – кажа Юрый Стулаў, загадчык кафедры замежнай літаратуры МДЛУ.

Былі на акцыі і няпрошаныя госці: праваахоўнікі ў цывільным. Студэнткі спрабавалі з імі пазнаёміцца ды запрашалі далучыцца, вось толькі тыя адразу ж уцякалі.

Да пратэсту навучальных установаў сёння далучыўся і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. У сваім відэазвароце выкладчыкі яшчэ раз нагадалі ўладам патрабаванні народу.

«Свабодныя і справядлівыя выбары, вызваленне нявінна асуджаных і затрыманых, пакаранне злачынстваў супраць чалавечнасці. Гэтага патрабуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, гэтага патрабуем і мы – мільёны вольных людзей у еўрапейскай краіне. Беларусь, прачынайся» – кажуць супрацоўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту ў сваім звароце.

Чарговы раз больш за тысячу чалавек далучыліся да маршу пенсіянераў на праспекце Незалежнасці. Да звыклых лозунгаў «Жыве Беларусь!» і «Верым, можам, пераможам!» дадаўся «Я выходжу» – тэкст апошняга паведамлення Рамана Бандарэнкі. Для многіх з удзельнікаў маршу ягоная смерць стала асабістай трагедыяй.

«Гэта фашызм. Можна так назваць. Таму што нават падчас вайны такога не было, як цяпер. Таму з гэтым нешта трэба рабіць. А што мы можам супраць гэтай машыны? Адзінае, што мы можам зрабіць, старыя, – гэта выйсці разам з людзьмі і вось так паказаць сваю незадаволенасць» – кажа адзін з удзельнікаў маршу пенсіянераў.

Цягам усяго маршу разам з людзьмі сталага веку па праспекце рухаліся і мікрааўтобусы з сілавікамі. Але былі на шляху і прыемныя сюрпрызы. Бабуль і дзядуляў частавалі цукеркамі ды гарбатаю.

Марш прайшоў традыцыйным маршрутам: ад Чырвонага касцёлу да плошчы Якуба Коласа. Напрыканцы ўсе ўдзельнікі хорам праспявалі галоўную песню беларускага пратэсту – «Муры».

Міхаіл Прановіч, «Белсат»

Глядзі таксама