Сцяг адмовы ад лукашызму

Міліцыянты ў цывільным употай крадуць бел-чырвона-белыя сцягі з падʼездаў дамоў, а дзяржаўныя медыі адну за адной робяць публікацыі, што гэты сцяг і герб «Пагоня» нібыта сімволіка нацыстаў. Але сотні тысяч беларусаў працягваюць выходзіць на мірны пратэст менавіта пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам. Чаму народ прызнаў яго сваім пасля гадоў забароны?

Паход з ім вуліцаю мог скончыцца арыштам ці штрафам. Да таго, хто асмельваўся вывесіць яго на сваім балконе, грукаліся міліцыя і камунальнікі. Бел-чырвона-белы сцяг 25 гадоў быў пад неабвешчанай забаронай, аднак на жнівеньскія пратэсты з ім выйшлі сотні тысяч асобаў.

«Мы бачым вельмі моцнае непрыняцце Лукашэнкі, ягонага рэжыму, ягонае спадчыны. Чырвона-зялёны сцяг, вельмі падобны да савецкае сімволікі, адрынаецца як спадчына Лукашэнкі», – кажа Юлія Шукан, сацыёлаг з універсітэту Парыж-Нантэр.

З чырвона-зялёным сцягам у тысяч беларусаў пачалі асацыявацца жорсткасць сілавікоў і фальсіфікацыя выбараў. Альтэрнатыўны сцяг беларускія дзяржаўныя медыі ды госці тэлешоу на крамлёўскім тэлебачанні спрабуюць ачарніць.

«Бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся і беларускімі калабарантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і тымі людзьмі, якія супрацоўнічалі з акупацыйнымі нацысцкімі ўладамі», – у інтэрвʼю каналу «Беларусь-1» заявіў кіраўнік Інстытуту гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч.

Ці тры гады акупацыі перакрэсліваюць больш як стогадовую гісторыю нацыянальнага сімвала?

«Паводле гэтай самай логікі трэба адмяняць сцягі Францыі, Бельгіі, Галандыі, Харватыі, нашага вялікага суседа на ўсходзе – Расеі, бо Расейская вызвольная армія генерала Уласава выкарыстоўвала той самы трыкалор, які сёння мы бачым зусім побач з магілай Невядомага жаўнера ля чырвонага мура Крамля!» – усклікае гісторык Ігар Мельнікаў.

Пад бел-чырвона-белым сцягам больш як сто гадоў таму Беларусь абвесціла незалежнасць. Архітэктар Клаўдзі Дуж-Душэўскі – лічыцца, што менавіта ён стварыў бел-чырвона-белы сцяг у 1917. Праз год бел-чырвона-белы сцяг зрабіўся сімвалам Беларускае Народнае Рэспублікі. Яго колеры адпавядаюць колерам старажытнага герба «Пагоня» і нацыянальнага арнаменту. Бел-чырвона-белым адзначалі сябе беларускія атрады ў арміі Літвы ды беларускі рух у міжваеннай Польшчы.

19 верасня 1991 года бел-чырвона-белы сцяг зноў стаў дзяржаўным. Аднак ужо ў траўні 1995 паплечнікі Аляксандра Лукашэнкі знялі сцяг з Дому ўраду і парвалі яго. На рэферэндуме тры чвэрці беларусаў прагаласавалі за замену сімвала БНР на мадыфікаваны сцяг БССР.

«Шмат для каго гэта быў вельмі цяжкі перыяд у эканамічным плане, панавала настальгія па Савецкім саюзе і вельмі ідэалізаваныя ўспаміны пра тое, чым быў Савецкі Саюз і якім было жыццё пры Савецкім саюзе. Таму ў 1995 годзе вяртанне да савецкай сімволікі было лёгкім і папулістычным крокам Лукашэнкі. Сёння сітуацыя зусім іншая. Адбылася змена пакаленняў», – каентуе сацыёлаг Юлія Шукан.

Два дзесяцігоддзі бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўвалі апаненты рэжыму Лукашэнкі – ад дзеячаў культуры да футбольных фанатаў. Аднак папулярнасць яго выходзіла за палітызаванае кола.

«Бел-чырвона-белы сцяг выйграе не толькі ў гістарычным асэнсаванні, у разуменні сімвалаў, але і ў эстэтычным плане. І попыт, асабліва ў апошнія месяцы, вырас проста неверагодна», – зазначае дырэктар крамы SYMBAL.BY Павел Белавус.

Удзельнікі пратэстаў сваім сімвалам выбралі бела-чырвона-белы. А як наконт іншых беларусаў?

«Гэта Еўразвязу сцяг! – Якога Еўразвязу?! Гэта спрадвечны беларускі сцяг! – Вось спрадвечны! – У галаве ў вас спрадвечны! – Я толькі за Беларусію і Лукашэнку!»

«Паліцаі, нацысты з ім хадзілі на руцэ. А цяпер паўдзяржавы ходзіць з ім!»

«Я за бела-чырвона-белы сцяг, бо я за тое, каб Беларусь была свабоднай краінай».

«Дзяржаўны – ён сябе скампраметаваў, бо ён дзяржаўны, а нашыя ўлады павялі сябе няправільна» – спрачаюцца жыхары Віцебску.

Тым часам «людзі ў чорным» знялі велізарныя бел-чырвона-белыя сцягі з шматпавярховых дамоў Менску. 27 вялікіх і 40 малых сцягоў сканфіскавалі з гарадзенскай крамы «Адметнасць». Вайну з бел-чырвона-белым сцягам Лукашэнка не спыняе.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама