Страты нерэнтабельных беларускіх прадпрыемстваў павялічылася ў 2,5 разы


Сума стратаў нерэнтабельных беларускіх прадпрыемстваў у першыя 10 месяцаў года павялічылася ажно ў 2 з паловаю разы. Гэта больш чым мільярд долараў. У гэтай расколіне – харчовыя, цэментныя, цукровыя і металургічны заводы, Белшына і гэтак далей. Як плюс замяніўся на мінус?

БелАЗ, «Гомсельмаш», МТЗ і МАЗ… Станкі спынілі, працаўнікоў накіравалі на вымушаныя канікулы. Гэтак работнікі «Белкатламашу» гуляюць цэлы месяц – да 4-га студзеня, бо на працу цяпер не сезон.

«Яны, канечне, пачынаюць цяпер шукаць магчымасці ашчадзіць працоўны час дзеля таго, каб потым, калі з’явяцца аб’ёмы вытворчасці, арганізаваць рабочыя суботы», – кажа Аляксандр Бухвостаў, старшыня Свабоднага саюзу металістаў.

Не найлепшая сітуацыя і на вытворчасцях, якія працуюць цэлы год. У першыя 10 месяцаў года ў Беларусі на 15% узрасла лічба стратных прамысловых прадпрыемстваў – рапартаваў Белстат. У аналагічны перыяд летась стратнікаў было 340, а сёлета зрабілася 391!

«Мы захоўваем стратныя прадпрыемствы, каб захаваць за людзьмі працу. Небяспека таго, што вялікая армія беспрацоўных раптам апынецца на вуліцы, прывядзе да сацыяльных наступстваў», – каментуе Аляксандр Бухвостаў.

Сярэднестатыстычнае прадпрыемства працаўладкоўвае 250 чалавек. Калі абвесціць банкрутамі няхай палову – 200 стратных прадпрыемстваў, атрымаем 50 тысяч беспрацоўных, якіх няма дзе ўладкаваць. Ёсць і больш сумныя падлікі Белстату, пра якія ў дзяржаўных СМІ – традыцыйная цішыня. Стась Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Асноўны паказнік, на які варта звяртаць увагу – гэта чысты прыбытак прадпрыемстваў, які ўключае выплаты па крэдытах і зносы абсталявання на заводах. Чысты прыбытак зменшыўся больш чым на траціну».

Чыстыя страты на вытворчасцях павялічыліся ў першыя дзесяць месцаў ажно ў два з паловаю разы. Запаволенне эканомікі – яшчэ наперадзе – абяцае Еўразійскі банк развіцця. Калі сёлета асноўны эканамічны паказнік (валавы ўнутраны прадукт, ВУП) – блізкі 3 %, то налета чакаецца 1,6 %, а ў 2020 годзе – мае скласці 2%. Прымаючы новы бюджэт, Урад і Нацбанк закладалі падобныя лічбы. Праўда кошты на нафту заклалі большыя, чым цяперашнія.

«Па-першае, наш бюджэт атрымае ўдвая менш экспартных мытаў за нафту. І па-другое… Расея зліквідавала кантрабандную схему пры экспарце нафтапрадуктаў, то бок налета беларускі бюджэт у любым выпадку зазнае істотныя страты», – каментуе Стась Івашкевіч.

Развіццё тэхналогіяў і прамысловасці імкліва паскараецца. Беларусь адстае ад лідараў эканамічнага дабрабыту ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Каб дагнаць, да прыкладу, Чэхію, мусім у першыя 10 гадоў мець 6 % гадавога ВУП і 5 % – у наступныя 20 гадоў… падлічылі ў Беларускім эканамічным даследча-адукацыйным цэнтры. Як угнацца, калі эканамічных дасягненняў не адчуваем?

«Нейкія добрыя моманты ёсць, але ў асноўным усё даражэе».

«За гэты год не ведаю нават што сказаць. Ён асабіста для мяне быў складаны».

«Пратрымаліся, выжылі, і ўжо добра».

Вось толькі гэта не дзяржаўнае, а народнае дасягненне.

Юлія Цяльпук, belsat.eu