Штогод у Беларусі адлоўліваюць сотні беспрытульных жывёлінаў, аднак менш іх усё адно не становіцца.
«Страшна, вельмі страшна. Бо ходзяць маленькія дзеці…», – кажа жыхарка Віцебску.
Некаторым з бадзяжных жывёлінаў знаходзяць новых гаспадароў, некаторых – усыпляюць, іншыя трапляюць у прытулак. У Віцебску адмысловая ўстанова дзее ўжо 8 гадоў.
Сёння тут жыве 265 сабак, 36 шчанюкоў, каля двух дзясяткаў катоў ды яшчэ амаль столькі ж кацянятаў.
«У нас адзіны ў Беларусі прытулак, дзе не выкарыстоўваецца эўтаназія. У нас жывёліны, якія паступаюць, жывуць да таго моманту, пакуль не знойдуць гаспадара, або працягваюць жыць і далей», – кажа ветэрынарны фельчар Караліна Цярэнцьева.
Дапамагаюць прытулку валанцёры – іх нашмат менш, чымся тых праблемаў, што стаяць перад установай. У першую чаргу гэта нястача корму, лекаў, неабходных рэчаў. А таксама вольных рук.
«Працаваць цяжка, не стае людзей, асабліва калі на бюлетэні. Нават калі ўсе на працы, на кожнага чалавека прыпадае больш за 50 жывёлінаў, таму праца ёсць заўсёды», – адзначае брыгадзірка прытулку Валянціна Прашковіч.
А каб праца была яшчэ больш эфектыўная, валанцёры плануюць, між іншага, звярнуцца да ветэрынарных клінікаў з просьбаю аб бясплатнай стэрылізацыі жывёлінаў, а таксама распачаць рэалізацыю праекту для бесхацінцаў: вырабляць адмысловыя аброжкі, каб тых сабак і катоў, што згубіліся, можна было хутка знайсці.
«Мы будзем звяртацца ў ЖЭУ з просьбаю, каб яны не зачынялі сутарэнняў. Бо тыя жывёліны, якія будуць стэрылізаваныя, будуць выпускацца на двор. І на ўсіх, як мы кажам, канапы не знойдзецца», – гаворыць валанцёрка прытулку Інга Багінская.
Сёння пры камунальных службах працуюць адловы, аднак сустрэць бадзяжнага сабаку або ката, асабліва ў спальных раёнах нашых гарадоў, карціна абсалютна звыклая. Нярэдка здараюцца і ўкусы. Самае страшнае, калі жывёліна хворая на шаленства.
Кажуць жыхары Віцебску:
«Гэта такая праблема… Яны бегаюць, прабягаюць, і ты забываеш пра гэта. Таму ў ідэале – каб гэтага не было, каб гэта развязвалася».
«Часам гэтай праблемай мусяць займацца самыя людзі. Гаспадары мусяць стэрылізаваць свайго сабаку».
«Трэба абавязаць гаспадароў, каб яны не выганялі жывёлінаў з дому».
«Гэтым мусіць займацца ўправа гораду. Бо сапраўды, часамі, бывае, не адбіцца ад сабак».
Каб звярнуць больш увагі на праблемы бесхацінцаў, 17 жніўня віцебскі прытулак зладзіць адмысловую імпрэзу – менавіта праз такога кшталту акцыі валанцёрам удаецца сабраць настолькі неабходныя сродкі для яго гадаванцаў.
Віталь Бабін, «Белсат»