Стас Шашок дамогся, каб бяздомнік з ягонай камеры мыўся некалькі разоў у дзень


Стас Шашок, былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і удзельнік антыінтэграцыйных пратэстаў, пасля вызвалення з ЦІП на Акрэсціна. 10 студзеня 2020 года. Фота – «Белсат»

Удзельнікі снежаньскіх акцыяў у абарону незалежнасці Беларусі Сяргей Ціханоўскі, Стас Шашок і Максім Урбановіч выйшлі на волю пасля арышту і распавялі, як было за кратамі.

Блогера «YouTube»-каналу «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага выпусцілі з ізалятару часовага ўтрымання ў Гомлі. Пасля 15 содняў за акцыю супраць інтэграцыі з Расеяй, якая адбылася 21 снежня. Аднак вызваленага чакае наступны арышт – яшчэ на 15 дзён за акцыю 20 снежня. Такое рашэнне суд вынес напярэдадні.

«Другі прыгавор – рашэнне суда яшчэ не паступіла да іх – яны так гавораць. У мяне таксама няма гэтага рашэння. Я думаў, яны мяне адразу забяруць. Магчыма яны мяне адразу і забяруць. Можа крыху пазней», – гаворыць Сяргей Ціханоўскі.

Напярэдадні ў Менску на волю выйшаў былы кандыдат у дэпутаты Стас Шашок.

Актывіст «Legalize Belarus» і «Моладзевага блоку» адбываў 15 содняў адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі за незалежнасць Беларусі.

«Злачынны прысуд. І я вельмі хачу, каб суддзя Моталь хаця б раз пасядзела там 15 содняў», – абураецца Стас Шашок.

Паводле Шашка, ён трапіў у халодную камеру з адкрытымі вокнамі ды з вашывым бяздомнікам. Таму адразу пасля вызвалення сябры павезлі актывіста ў лазню.

«Я зразумеў, што гэта спроба прэсаваць мяне. Я дамогся літаральна за дзень каб яны мне ўключылі батарэю. Калі батарэя была ўключаная, з акном было даволі добра сядзець А бомж у мяне мыўся кожныя некалькі гадзін», – апавядае Стас Шашок.

Апынуўся на волі пасля 15-дзённага арышту за акцыю падтрымання незалежнасці і маладафронтавец Максім Урбановіч. Наперадзе яшчэ 15 содняў арышту, і не толькі.

«Калі я ўчора выйшаў на волю, я даведаўся што мне яшчэ 100 базавых велічыняў за 7-8 снежня – то бок па 50 базавых. Буду гэту справу абскарджваць», – кажа Максім Урбановіч.

Суды над удзельнікамі акцыяў супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй праходзяць у Беларусі другі месяц запар. За гэты час агулам пратэстоўцаў аштрафавалі на Br 66 500. Сродкі на дапамогу аштрафаваным і арыштаваным збірае кампанія «BY_Help». За няпоўныя два дні сабралі больш за Br 9000 і $ 2000.

«Асноўная пляцоўка, на якой мы вядзем збор, – гэта «MolaMola», якая створана беларускімі карыстальнікамі. Гэта для ўнутранага рынку, калі можна так сказаць. Ёсць фандрэйзер, створаны на «Фэйсбуку», якім карыстаемся, каб дайсці да беларусаў замежжа. Таксама можна даслаць нам асабістае паведамленне і дамовіцца, як можна перадаць грошы», – гаворыць сузаснавальнік «BY_Help» Андрэй Стрыжак.

На наступным тыдні суды над абаронцамі незалежнасці Беларусі працягнуцца.

Рэпартаж Анастасіі Русецкай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 11 студзеня