Стаенкі, батлейкі ды лакдаўны – Раство ў каронавірус

Штогод да свята Божага нараджэння ў касцёлах рыхтуюцца стаенкі, якія адлюстроўваюць біблійны сюжэт нараджэння Хрыста. Апоўначы падчас галоўнае вігілійнае імшы святар унясе фігурку маленькага Езуса.

«Святы Францішак – першы, хто хацеў утварыць такую батлейку, шопку з жывых жывёлінаў. Прывёў авечак, прывёў восліка – і зрабілі такую жывую шопку. І з гэтага моманту, то бок з часоў Святога Францішка, распачаліся такія традыцыйныя шопкі. Я ведаю, што ў Італіі яны вельмі папулярныя, таму што іх робяць не толькі ў Касцёле, не толькі перад домам, а таксама і ў доме. Кожная сям’я мае гэтую шопку», – распавядае пробашч гарадзенскага Фарнага касцёлу Ян Кучынскі.

Іншая версія шопкі – нашая беларуская батлейка.

«Мы выкарыстоўваем звычайна сцэну, якая называецца «Цар Ірад». Гэта сцэна нараджэння Ісуса Хрыста, пакланенне пастушкоў і каралёў. Сцэна таксама ў палацы Ірада, калі Ірад хоча забіць немаўлятаў, выпытвае ў мудрацоў, дзе і калі нарадзіўся Ісус Хрыстос, адпраўляе свайго ваяку», – падзяліўся грэка-каталіцкі святар Андрэй Крот.

У Еўропе сёлетнія святкаванні цесна звязаныя з праблемай каронавіруса, што адлюстравалася нават у шопцы ў нямецкім касцёле святога Марціна, дзе штогод абіраюць сваю тэму для стаенкі, апроч біблійнае.

«Сёлета ўсё круціцца вакол каронавіруса. Гэта не вялікая вынаходка, але мы хацелі штосьці з ім зрабіць. Нашым галоўным прыярытэтам было падбадзёрыць людзей у гэтыя святы, і менавіта таму мы выбралі каронавірус у якасці тэмы. Летась, напрыклад, мы абралі горы», – тлумачыць пастар касцёлу ў Рэнінгене Франц Піцаль.

А ў Італіі пасля дваццаць другое гадзіны пачынаецца каменданцкая гадзіна. Касцёлы адчыненыя, але традыцыйнае начное імшы не будзе. Што на сітуацыю з каронавірусам жыхары Рыму?

«Локдаўн і абмежаваная магчымасць наведваць сваіх блізкіх – гэта праблема нават для нас, маладых. Мы не павінны забываць і пра моладзь, але такія рэчы здараюцца, таму блакаванне вітаецца, і мы павінны ісці наперад, спадзеючыся на большую стабільнасць у наступным годзе».

«Гэтая сітуацыя, магчыма, прымусіць нас зразумець, што сапраўды важна для кожнага з нас».

І гэтак – у большасці краін Еўропы: каменданцкія гадзіны і забароны сустракацца вялікімі кампаніямі, большымі за 10 чалавек.

А мы зычым гледачам спакойных ды светлых святаў. Беражыце сябе і сваіх блізкіх.

Дзіяна Раткевіч, belsat.eu

Глядзі таксама