Аб'ектыў 28.06.2017 Справу патрыётаў «спускаюць на тармазах». Палітвязняў масава вызваляюць


Больш за тры месяцы за кратамі правёў грамадскі актывіст Сяргей Стрыбульскі. Затрыманне 21-га сакавіка стала для яго нечаканасцю. Пасля былі трывожныя дні ў засценках следчага ізалятару КДБ.

За што?

Сяргею Стрыбульскаму выставілі абвінавачанні паводле адразу двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «рыхтаванне масавых закалотаў» і «стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання». За што? Гэта было першае пытанне, якое задаў сабе тады ўжо фігурант справы «Белага легіёну».

«Справа ў тым, што я не быў нейкім яскравым актывістам. Прымаў удзел у назіранні за выбарамі, недзе пастаяў са сцягам, прымаў удзел у акцыі каля КДБ. Гэта, на маю думку, звычайныя рэчы», – дзівіцца Сяргей Стрыбульскі.

За звычайныя рэчы за краты трапілі прадстаўнікі навуковага асяроддзя. Уладзімір Фёдараў і Аляксандр Зімніцкі – сталі навукоўцамі-палітвязнямі. Падобна як і Сяргею Стрыбульскаму цяпер ім змянілі захаду стрымання на падпіску аб нявыездзе. Вядома, гэта не азначае поўнага вызвалення. Іх па-ранейшаму абвінавачваюць у стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Ім пагражае да сямі гадоў зняволення.

Адкуль і чаму ўсё пачалося?

Масавыя затрыманні ў Беларусі пачаліся 21-га сакавіка. Справу «Белага легіёну» дэ-факта пачаў Аляксандр Лукашэнка, калі заявіў аб наяўнасці ў Беларусі баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю. За краты трапілі больш за трыццаць асобаў. Сярод іх прадстаўнікі патрыятычных рухаў, навуковых і культурніцкіх колаў. Усё адбывалася на фоне масавых пратэстаў супраць «дармаедаўскага дэкрэту» і збяднення.

«У сакавіку Беларусь была ў надзвычайнай сітуацыі. Улады хацелі запужаць грамадства. З аднаго боку яны рабілі гэта праз адміністратыўныя пакаранні. З іншага боку ім спатрэбіўся больш выразны сігнал», – тлумачыць сэнс арыштаў палітолаг Алесь Лагвінец.

Пытанне, што са справаю «Белага легіёну», адкрытае

За кратамі пакуль яшчэ 11 асобаў. Нядаўна стала вядома, што КДБ перадаў «справу патрыётаў» Следчаму камітэту, а крымінальны пераслед паводле артыкулу «масавыя закалоты» спыніў у дачыненні ўсіх фігурантаў.

«Хутчэй за ўсё ўлады хочуць спусціць гэтую справу на тармазах. Яны цудоўна разумеюць, што ўсё гэта высмактанае з пальца, але неяк паступова гэтую справу трэба закрыць. Зважаючы на тое, як яны сябе раней паводзілі, хутчэй за ўсё аднамомантавага вызвалення не будзе», – прагназуе спадар Лагвінец.

Таму сёння важныя салідарнасць і падтрыманне зняволеных. У гэтым перакананы вызвалены з СІЗА КДБ Сяргей Стрыбульскі. Найбліжэшым часам ён плануе заняцца дапамогаю фігурантам справы «Белага легіёну», якія застаюцца за кратамі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары