Справа загінулай на ўборцы бульбы школьніцы: суд на баку ўладаў

У калгасе мела месца выхаванне, а не праца. Гэтак палічыў суд Маладзечанскага раёну і не задаволіў пазову бацькі 13-гадовай Вікторыі Папчэні, якая напрыканцы верасня загінула на бульбяным полі пад коламі МАЗу.

АЛЕГ ПАПЧЭНЯ, БАЦЬКА ВІКТОРЫІ ПАПЧЭНІ:

«Але гэта ўсё роўна праца. Гэта не вучоба, яны там не вучыліся на полі, чаму яны там вучыліся? І хто іх там выхоўваў, цікава? Гэта добраахвотна-прымусовая праца».

Алег Папчэня патрабаваў прызнання працоўных дачыненняў паміж школьніцаю і калгасам «Усход-Агра», куды 29 верасня дзяцей адвезлі на збор ураджаю. Суд пастанавіў, што выезд адбываўся ў межах вучэбна-выхаваўчага плану маладзечанскай школы. Адмова суддзём факту працы грунтавалася на тым, што, па-першае, на полі ў той момант фармальна не было асобы, якая б магла прыняць на працу, а, па-другое, не было вакантных штатных адзінак.

АНДРЭЙ СТРЫЖАК, ІНСПЕКТАР НЕЗАЛЕЖНАГА ПРАФЗВЯЗУ РЭП:

«У дадзеным выпадку суддзя глядзіць так скажам на фактуру, якая ёсць, больш, чым на саму сутнасць права. Бо атрымліваецца, што нават калі і няма вольных месцаў, але людзі прыехалі і працуюць, то значыць яны не працуюць. Ну так атрымліваецца па гэтай логіцы».

Да таго ж не зразумела, у якім выхаваўчым працэсе бралі ўдзел дарослыя, працаўнікі розных арганізацыяў, якіх таксама ў той дзень прыслалі на поле паводле разнарадкі. Андрэй Стрыжак упэўнены, што суддзя ігнаруе агульныя прынцыпы працоўнага права.

АНДРЭЙ СТРЫЖАК:

«Па сутнасці артыкула 25-га Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь самі працоўныя адносіны ўзнікаюць па факце іх пачатку. Чалавек узяў бульбіну ў руку, чалавек паклаў яе ў вядро – чалавек ужо працуе».

Таму разбірацца ў справе, упэўненыя пазоўнікі, мусіць Дэпартамент дзяржінспекцыі працы. Але, паводле рашэння суда, спецрасследаванне няшчаснага выпадку правядзе аддзел адукацыі Маладзечанскага райвыканкаму. І гэта пры тым, што менавіта з іхнага дазволу дзяцей паслалі на поле і сам аддзел адукацыі праходзіць у справе як адзін з адказчыкаў.

«Воўк шукае зніклую авечку», – здзіўляюцца ўдзельнікі працэсу.

ЭДВАРД БАЛАНЧУК, БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНКСКІ КАМІТЭТ:

«То бок калгас з сябе паўнамоцтвы зняў, аддзел адукацыі зараз будзе круціцца-выкручвацца і толькі адно гора гэтым бацькам і грамадству ў цэлым. Таму што сёння адна дзяўчынка, заўтра ў радзільні другая дзяўчынка».

Бацькі Вікторыі працягнуць змаганне – цягам 10 дзён Алег Папчэня з памочнікамі пададуць касацыйную скаргу на рашэнне суда.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Глядзі таксама