Справа БелТА. Рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву спаткалі ў зале суда апладысментамі


Пароль доступу сваім кліентам БелТА адпраўляла факсам. Супярэчнасці ў паказаннях сведкаў мусіў прызнаць нават суд. Але пакуль у выніку сённяшняга выступу сведак найбольш цярпіць рэпутацыя БелТА.

Толькі пачатак працэсу, а ўжо авацыі. Падтрымаць абвінавачаную ў суд прыйшлі каля дзвюх соцень чалавек – палітыкі, грамадскія дзеячы, блогеры і дыпламаты.

«Спадзяюся на поспех», – кажа Марына Золатава, рэдактарка Tut.by, перад працэсам.

«Справа БелТА» датычыць леташніх падзеяў, калі 18 журналістаў зазналі вобшукі, затрыманні і крымінальны пераслед праз заяву ў Следчы камітэт дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу БелТА. Паводле заяўніка, журналісты незалежных медыяў карысталіся паролем, які дае доступ да платнай навіннай стужкі агенцтва. У выніку некалькі месяцаў таму журналістаў аштрафавалі за несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі.

«Уся справа ад пачатку не мусіла мець крымінальнай перспектывы. На жаль, я бачу ў ёй не высвятленне нейкіх там гаспадарчых адносінаў, а спробу ціску на свабоду выказванняў», – гаворыць Андрэй Бастунец, старшыня БАЖ.

Працэс над галоўнаю рэдактаркаю Tut.by заключны ў гэтай справе. Ёй выстаўляюць абвінавачанне «бяздзейнасць службовай асобы». Паводле Золатавай, робіцца гэта дзеля ціску на незалежную інфармацыйную палітыку Tut.by. На працэсе выявілася, што пароль да БелТА быў адзін для ўсіх падпісантаў і не мяняўся прынамсі апошнія 15 гадоў.

«Я спадзяюся, рашэнне суда будзе справядлівым. Я вельмі здзіўленая такой увагай і дзякую ўсім за падтрымку», – кажа Марына Золатава.

Пазіцыя пракурора – Золатава ведала, што ейныя калегі з Tut.by маюць пароль доступу да платнай падпіскі, але нічога не зрабіла, каб перадухіліць «несанкцыянаваныя ўваходы». Хоць на судзе працаўнікі БелТА прызналі: у іх не было механізмаў абароны выцеку паролю. Цяжка патлумачыць пазіцыю і юрыстам, якія рэпрэзентуюць інтарэсы пазоўніка. Аляксей Шпілеўскі, юрыст «СБ. Беларусь сегодня»:

«Якія перспектывы справы? Нашыя? Не ведаю. Вельмі неадназначная справа».

Не для кіраўніцы БелТА Ірыны Акуловіч. Яна з’явілася на паседжанне пасля перапынку і пацвердзіла намер прыцягнуць Марыну Золатаву да адказнасці. Ёй пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Ува ўсёй гэтай справе ёсць два важныя аспекты нутраной кухні медыяў. Першы: БелТА – дзяржаўнае, бюджэтнае СМІ, і яе місія – бясплатна ды ўсім надаваць інфармацыю. А другі – журналісты па ўсім свеце дзеляцца паролямі да платных падпісак розных медыяў. Калі гэта не пярэчыць дамове. І пакуль ніводнага такога працэсу не было. Навошта ўлады Беларусі пайшлі на такі крок? Імаверна, даведаемся цягам наступных паседжанняў.

Алесь Залеўскі, belsat.eu