«Спіс Тарайкоўскага»


За тое, што незаконна арыштоўвалі, білі, здзекаваліся, катавалі, гвалцілі – за ўсё гэта давядзецца адказваць. Каму? Імёны неўзабаве маюць быць пералічаныя ў санкцыйным спісе, над якім цяпер працуе каманда Святланы Ціханоўскай.

Злачынцы абавязкова будуць пакараныя. У тэлеграм-канале лідаркі беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай з’явілася паведамленне аб працы над адмысловым санкцыйным спісам чыноўнікаў ды сілавікоў, якія бралі ўдзел і працягваюць удзельнічаць у катаваннях, здзеках і незаконных арыштах мірных грамадзянаў.

«Першая партыя ідзе – 36 чалавек. Але яна будзе пастаянна дапаўняцца. Таму што першы спіс павінен быць вельмі кароткі, каб былі хутка ўключаныя санкцыі. А далей гэта ўжо практычна аўтаматычна дадаюцца новыя персоны. Ужо каля 400 асобаў ёсць у спісе, якія будуць да гэтых 36 дастаткова хутка дададзеныя», – тлумачыць «Белсату» прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Складальнікі санкцыйнага спісу назвалі яго «спісам Тарайкоўскага». Менавіта Аляксандр Тарайкоўскі стаўся першаю вядомай ахвярай міліцэйскага гвалту. 10 жніўня каля станцыі метро ў Менску сілавікі папросту расстралялі мірнага пратэстоўцу.

«Абавязкова гэтыя справы будуць расследаваныя, – запэўнівае Красуліна. – Мы пачынаем з таго, што санкцыі будуць уведзеныя ў тых краінах, дзе закон дзейнічае. Калі ў нашай краіне будзе дзейнічаць закон, яны таксама паўстануць перад судом».

«Спіс Тарайкоўскага» ствараецца на базе «Чорнае кнігі Беларусі», куды інфармацыю пра злачынцаў дасылаюць як звычайныя грамадзяне нашае краіны, гэтак і былыя ды дзейныя працаўнікі сілавых структураў, нязгодныя з развязанай уладамі вайною супраць народу. Жыхары Менску:

«Так, гэта трэба рабіць. Бо пара канчаць з гэтым бясчынствам».

«За ўсе гэтыя здзейсненыя злачынствы павінна быць нейкае пакаранне, у кожным выпадку!»

«Слушна, бо гэтыя людзі павінны адказаць за свае ўчынкі, як яны абышліся са сваім народам».

«Канечне, трэба! Абавязкова трэба! Бо злачынцы не павінны сыходзіць беспакарана».

«На жаль, у нас цяпер закон сілы. І калі мы не можам даць рады ўласнымі сіламі, то, натуральна, трэба звяртацца туды, дзе могуць дапамагчы».

Неўзабаве каманда Святланы Ціханоўскай збіраецца перадаць «спіс Тарайкоўскага» ува ўсе краіны Еўразвязу ды ў ЗША, а таксама Расею, Турэччыну ды Украіну. Мяркуюць, што ўлады гэтых краінаў самастойна вызначацца з фарматам санкцыяў супраць рэпрэсіўнага апарату Лукашэнкі, у тым ліку праз блакаванне замежных банкаўскіх рахункаў ды актываў.

«У міжнародным праве тое, што мы назіраем у Беларусі, называецца злачынствам супраць чалавечнасці. І гэта вымагае міжнароднай увагі. Улады Беларусі цалкам адмаўляюць, што нешта адбылося. Ані па адным злачынным выпадку не вядзецца расследаванне, пацярпелым пагражаюць расправаю за нібыта ўдзел у незаконных дэманстрацыях. Улады Беларусі не хочуць развязваць гэтай праблемы, і тут патрэбная міжнародная рэакцыя, у тым ліку Рады правоў чалавека ААН», – упэўнены генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў Геральд Стабэрок.

Аднак ці можа «спіс Тарайкоўскага» рэальна спыніць гвалт у Беларусі?

«Наяўнасць гэткага спісу лепшая за яго адсутнасць. Калі ён будзе сапраўды сурʼёзна ўспрыняты міжнароднымі партнёрамі, то яны будуць ствараць дадатковую нязручнасць для людзей, замешаных у парушэнні правоў чалавека. Але яны наўрад ці спыняць гэтых людзей», – мяркуе аналітык BISS Кацярына Шмаціна.

Дарэчы, у адрозненне ад персанальных санкцыяў, ужо ініцыяваных Еўразвязам і якіх Лукашэнка здолеў пазбегчы, у «спіс Тарайкоўскага» кіраўнік Беларусі дакладна трапіў. Хоць яшчэ напярэдадні Святлана Ціханоўская заявіла, што калі ён сыдзе мірна, то мае атрымаць гарантыі бяспекі.

Валера Руселік, «Белсат»