Аб'ектыў 26.09.2018 КДБ хацела б завербаваць кожнага журналіста


Уварваліся ў кватэру, заламалі рукі, павалілі на падлогу ды нават разбілі вялікае люстэрка – у жніўні рэдактар фінансавага аддзелу парталу «ТУТ.БАЙ» Дзмітрый Бобрык распавёў журналістам акалічнасці свайго затрымання і вобшуку ў справе БелТА. Аднак проста допытам і распачатай крымінальнай справай у будынку Цэнтральнага апарату Следчага камітэту ўзаемаадносіны Бобрыка і праваахоўнікаў не скончылася – напярэдадні журналіст заявіў пра спробы ягонай вярбоўкі:

«Спачатку мне паабяцалі раскрыць дэталі асабістага жыцця, калі адмоўлюся ад супрацы. А скончылася пагрозамі на адрас родных, якія могуць пацярпець. Тут мяне закалаціла, мне пагражалі самым важным у жыцці. Я напісаў паперу аб супрацы. Яшчэ седзячы ў СК зразумеў, што не стану гэтага рабіць – супрацоўнічаць. Не змагу пасля гэтага глядзець на сябе ў люстэрка».

У самым ведамстве заяву Бобрыка назвалі «самаю кароткаю бязглуздзіцай». Сам жа журналіст паведаміў, што, як толькі яго перавялі ў статус падазраванага ў гэтай справе, ціск узмацніўся яшчэ больш.

«Давайце называць рэчы сваймі імёнамі. Гэта не справа БелТА. Гэта справа «ТУТ.БАЙ». Уся гэтая афёра, авантура, скіраваная на тое, каб падпарадкаваць, кантраляваць «ТУТ. БАЙ», – падкрэслівае метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Са спробаю вярбоўкі беларускія журналісты сутыкаюцца цягам усёй сваёй прафесійнай дзейнасці. Ціск з боку спецслужбаў неаднаразова зазнавалі прадстаўнікі і заблакаванага ў Беларусі сайту «Хартыя 97». У траўні 2012 года грамадскі актывіст і журналіст «Хартыі» Зміцер Бандарэнка выйшаў з турмы, зрабіўшы гучную заяву аб тым, што 80 адсоткаў незалежных журналістаў падкантрольныя спецслужбам.

«Журналісты павінныя ведаць, што падчас такіх вось кампаніяў, калі людзей запрашаюць у КДБ, міліцыю, Следчы камітэт, адная з галоўных задачаў – гэта не знайсці што-небудзь крымінальнае ў справе, а менавіта тое, што іх там будуць вербаваць», – кажа Зміцер Бандарэнка.

Каб гэтага не здарылася, у Беларускай асацыяцыі журналістаў раяць не падпісваць аніякіх пагадненняў, калі на гэта няма адпаведнай згоды. Калі ж, як у выпадку з Бобрыкам, гэткая папера пад ціскам была падпісаная, адразу пасля вызвалення публічна пра гэта паведаміць. Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ:

«Справа БелТА – гэта не проста крымінальная справа, яна мае выразныя адценні. І ўлады не збіраюцца спыняцца ў межах крымінальна-працэсуальнага кодэксу, яны працягваюць ціснуць на журналістаў і такім чынам спрабуюць некага завербаваць».

І як пацверджанне таму, што ўлады не спыняюцца, – чарговыя выклікі на допыты працаўнікоў агенцтва БелаПАН у справе БелТА. Сёння ў якасці сведкаў у Следчы камітэт выклікалі Дзмітрыя Наважылава і Рамана Салікава, а таксама падазраваную ў справе журналістку Таццяну Каравянкову. А заўтра на допыт мусіць з’явіцца яшчэ адная падазраваная – галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына.

Віталь Бабін, belsat.eu

Фота: Facebook Дзмітрыя Бобрыка

 

Глядзі таксама
Каментары