Спецназ зняў «майткі»


Яшчэ адзін менскі двор, знакаміты сваёй грамадзянскай дзейнасцю, гэта жылы комплекс «Каскад» на вуліцы Скрыганава. Сёння людзі ў балаклавах правялі там цэлую спецаперацыю, выламвалі дзверы. Але аказалася, што галоўнай мэтай масавага налёту сілавікоў былі бел-чырвона-белыя майткі. Што называецца, і смех, і грэх.

Сталіца, жыллёвы комплекс «Каскад» каля метро «Маладзёжная». Ранняя раніца. У двор і побач заехала адразу шмат мікрааўтобусаў з людзьмі ў чорнай форме і масках. У руках у іх – спецінструменты. «Каскадаўцы» бачылі тут міліцыю не раз, але звычайна менш, распавядае жыхар таго ж двара Дзмітрый Кучук, старшыня Беларускай партыі партыі «Зялёныя»:

«Дзесьці 5-6 бусаў спрабавалі ўехаць у Каскад, але не змаглі, бо былі зачыненыя шлагбаумы, яны прыпаркаваліся і пачалася аблава на жыхароў гэтага раёну. Пачалі ўзламваць дзверы да актывістаў, якія вывешваюць там нацыянальныя сцягі».

Кувалды і адмысловыя дрэлі спецназаўцы ўзялі з сабой, каб трапіць і да тых, хто быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах. Білі нагамі ў дзверы, паказвалі пастановы аб ператрусах, але браць у панятыя суседзяў забаранялі, бо мелі сваіх, правераных. У міліцыі падцвердзілі, што выслалі пару дзясяткаў байцоў у «Каскад».

«Працаўнікамі міліцыі праводзяцца аператыўныя мерапрыемствы. Усё ў межах заканадаўства», – заявіла Наталля Ганусевіч, афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму.

Але галоўнай мэтай міліцыянтаў, як аказалася, быў вось гэты мастацкі аб“ект – вялізныя бел- чырвона-белыя майткі, нацягнутыя між дамамі ў знак пратэсту.

Міліцыянты доўга былі на даху, спускалі спецыяльную «кошку» на тросе, каб зачапіць вяроўку з майткамі. У рэшце рэшт ім гэта ўдалося.

«Бабе сваёй падарыш! АМАП скраў майткі», – смяяліся жыхары двара.

«Каскадаўцы» не толькі жартавалі над міліцыянтамі, якія патрацілі цэлы дзень на майткі, але і абмяркоўвалі план новых пратэставых перфомансаў. Раней яны апублікавалі відэа папярэдніх, няўдалых спробаў міліцыі перамагчы майткі.

«Каскад быў заўжды вельмі актыўным міні-полісам, там заўжды праходзілі перфомансы, людзі збіраліся на гарбату, розныя імпрэзы. І ўлада ў гэтай рэчаіснасці рэвалюцыйнай спрабуе рэпрэсіямі задушыць грамадзянскую актыўнасць у міні-полісах ці мікрараёнах», – тлумачыць Дзмітрый Кучук.

На імпрэзы і бел-чырвона-белае афармленне двара міліцыянты і людзі ў масках рэагавалі рэгулярнымі рэпрэсіямі – прыяжджалі з гумавымі дубінкамі і драбавікамі, каб выгнаць жыхароў са двара. А Міністэрства надзвычайных сітуацыяў выпісала «каскадаўцам» 100 тысячаў рублёў штрафаў за вывешванне сцягоў. Большасць жыхароў комплексу – сярэдні клас.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»