«Спадзяюся, ён памёр не дарэмна». Жыхары Пекіну пра доктара, які першым папярэдзіў пра каронавірус


Каранцін для грамадзянаў Кітаю ўвялі ў Беларусі. Студэнты, якія вяртаюцца пасля адпачынку на навучанне ў Беларусь, на 14 дзён будуць змяшчацца ў аздараўленчым комплексе «Брыганціна» пад Радашковічамі. Пры гэтым навучанне працягнецца па індывідуальнай праграме ў анлайн-рэжыме.

«Спадзяюся, ён памёр не дарэмна», – гэтак жыхары Пекіну рэагуюць на смерць Лі Ўэнь Ляна – доктара, які адным з першых папярэдзіў пра небяспеку каронавіруса.

«Ён быў першым, хто выявіў гэты вірус, але атрымаў вымову ад паліцыі. Я думаю, што людзі ўсё яшчэ не дастаткова ўсведамляюць пагрозу віруса», – кажа жыхарка Пекіну Ма Жуй Хун.

Як паведамляе The Guardian, на абурэнне грамадскасці адрэагавала Камуністычная партыя Кітаю і накіравала ва Ўу-Хань спецыялістаў, каб расследаваць, ці не праігнаравалі мясцовыя ўлады выбуху захворвання на раннім этапе.

«Кіраўніцтва павінна чуць розныя думкі ды дазваляць розным думкам існаваць», – абураецца спадар Лю, жыхар Пекіну.

Паводле апошніх звестак, каронавірусам заразіліся 31 523 чалавекі, загінулі – 638, перамаглі хваробу 1764 асобы. Новыя выпадкі заражэння зафіксаваныя і на круізным лайнеры Diamond Princess, які застаецца на каранціне каля Ёкахамы. За апошнія содні каронавірусам заразіўся яшчэ 41 пасажыр, агульная колькасць інфікаваных – 61. Людзей перавозяць на бераг і шпіталізуюць.

«Яны былі разам на круізным караблі, у замкнёнай прасторы – пэўны перыяд часу. Я думаю, што колькасць заражаных павялічылася ў выніку частага кантакту ў такой сітуацыі», – гаворыць міністр здароўя, працы і дабрабыту Японіі Кацунобу Като.

У Беларусі напярэдадні ў інфекцыйнае аддзяленне Мазырскага гарадскога шпіталю з падазрэннем на каронавірус трапіў мужчына, які нядаўна адпачываў у Кітаі.

«У яго быў узяты біяматэрыял, адпраўлены ў Гомель, і ён таксама. І на сённяшнюю раніцу, на 7 гадзінаў, мы ўжо атрымалі вынік: каронавірусная інфекцыя не пацверджаная», – паведамляе намеснік галоўнага доктара Мазырскага гарадскога шпіталю Уладзімір Хоха.

Тым часам кітайскіх студэнтаў, якія вяртаюцца ў Беларусь пасля вакацыяў, ізалююць на каранцін. Паводле Міністэрства аховы здароўя, робіцца гэта для прафілактыкі ды з улікам пажаданняў навучэнцаў, якія не выязджалі ў Кітай. Месцам абралі спартова-аздараўленчы комплекс «Брыганціна» пад Радашковічамі.

«Яны будуць 2 тыдні на рэабілітацыі. Гэта не абследаванне, тут нічога страшнага няма. Прафілактычныя мерапрыемствы з імі ўжо правялі. Яны проста тут будуць знаходзіцца некаторы час. Гэта бяспечна», – распавядае прадстаўніца спартова-аздараўленчага комплексу «Брыганціна».

Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі ў сувязі з выбухам каронавіруса праверылі пробы ў больш чым 500 чалавек, якія раней былі ў Кітаі. Каронавірус не выявілі.

Анастасія Русецкая belsat.eu