Сотня цяжкавікоў з харчамі не трапіла ў «рэстаран на костках». Дзясяткі кліентаў не паелі шашлыкоў


Абарона Курапатаў працягваецца. Ужо 11-ты дзень неабыякавыя беларусы з 12 да 18 гадзіны дня пікетуюць уезд у рэстарацыю «Поедем поедим», перашкаджаючы яе працы. А ўжо з наступнага тыдня празваны пікетоўцамі «Кабак на костках» плануюць байкатаваць паводле новага плану і ня толькі фізічна, але і юрыдычна.

«З панядзелка мы плануем стаяць ужо не з 12 да 6, а з 12 да 24 гадзіны. Прычым па адной арганізацыі на дзень. Сем арганізацыяў далі папярэднюю згоду стаяць адзін дзень на тыдні», – кажа сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец.

Таксама, апроч пікетавання, распачнецца і юрыдычная барацьба. Актывісты збіраюцца адправіць у міністэрствы звароты з прапановаю руйнавання або пераносу будынку. Адказныя за варту будуць такія арганізацыі, як «Малады фронт», «Еўрапейская Беларусь», Рух салідарнасці «Разам» ды іншыя. На сённяшняй акцыі прысутнічала каля дзясятка чалавек. Хоць ахвотных наведаць рэстаран сёння было мала, пікетоўцы сыходзіць не збіраюцца.

«Было б больш людзей, было б больш магчымасцяў. Перш за ўсё гэта людзі, будуць людзі, будзе ўсё па сутнасці, можна будзе працягваць і не хвалявацца, што прыйдуць праваахоўнікі і ўсё размятуць», – адзначае Арсені Дзядок.

А ціск з боку праваахоўнікаў ідзе. 2 скрадзеныя намёты, 4 затрыманні і больш за два дзясяткі пратаколаў за дні пікетавання. Часцей за ўсё на актывістаў праваахоўнікі складаюць пратаколы за парушэнні правілаў дарожнае бяспекі. Небяспеку, паводле пікетоўцаў, ствараюць таксама як працаўнікі рэстарану, гэтак і яго наведнікі. Даходзіць нават да фізічнага гвалту.

«Я ўзяў скіраванне па гэтаму Змітру, які тут ахоўнік. Ён выскачыў, гэта было прыкладны 7-ага, і пачаў моладзь збіваць, падляцеў да мяне буклецік вырваў, афішы пачаў здымаць-вырываць», – кажа рэжысёр Аляксей Туровіч.

Сваім намаганнем, цвердзяць пікетоўцы, яны не прапусцілі праз браму рэстарану каля сотні цяжкавікоў з харчамі, а таксама дзясяткі аўтаў патэнцыйных наведнікаў. Такім чынам пратэстоўцы намагаюцца давесці пляцоўку да банкруцтва. Абаронцы Курапатаў абураныя тым, што забаўляльная ўстанова размяшчаецца за 50 метраў ад урочышча Курапаты, месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.