Аб'ектыў 03.06.2017 Следчых дзеянняў не праводзілі – толькі катавалі. Кунцэвіч – пра 80 дзён у СІЗА


Фігуранта «справы патрыётаў» білі аднога ўчатырох, а таксама катавалі электрашокерам.

Сяргей Кунцэвіч выйшаў на волю і распавёў пра здзекі, з якімі сутыкнуўся ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску.

Зайшлі два чалавекі ў масках, падобныя на тых, што прымалі мяне ў гаражы, і пачалі цягаць мяне за валасы. І доўгім працяглым токам мяне катавалі ды сказалі, каб я распавёў, дзе знаходзіцца Мікола Статкевіч. Я не сказаў, дзе ён знаходзіцца, – кажа Кунцэвіч.

Нязломнасць Сяргея Кунцэвіча і сталася галоўнаю прычынай яго вызвалення, перакананы ягоны паплечнік з Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч. А таксама тое, што Кунцэвіч здолеў перадаць з СІЗА інфармацыю пра свае катаванні: улады спалохаліся галоснасці, мяркуе экс-кандыдат на прэзідэнта.

«Ім каштавала дэманстрацыя новай шуневічавай тэхнікі 25 сакавіка трох з паловаю мільярдаў долараў крэдыту МВФ, – кажа Мікола Статкевіч. – 5 чэрвеня зноўкупрыязджае місія. І яны ўжо не могуць сказаць, што не катуюць: ёсць доказ!».

Як і іншых, Кунцэвіча выпусцілі пад падпіску пра нявыезд і неразгалошванне. Паводле Кунцэвіча, ён нават не ведае, што дакладна яму нельга разгалошваць: аніякіх следчых дзеянняў з ім не праводзілі. Толькі катавалі.

Статкевіч лічыць, што лёс астатніх фігурантаў «справы патрыётаў», якія застаюцца за кратамі, – у іхных руках. Палітык кажа, што ім трэба вытрываць усё і не зламацца, каб не агаварыць сябе ды іншых: у цалкам сфабрыкаванай справе адзіным доказам віны патрыётаў могуць быць толькі іхныя ўласныя словы.

Паводле Статкевіча, шмат залежыць і ад тых, хто выйшаў на волю.

Скажыце, што з вамі там адбывалася. Аніякая падпіска на гэта не дзейнічае. Не кажыце пра пытанні следчага і матэрыялы – скажыце, як з вамі абыходзіліся. Вы ўратуеце сваіх сяброў, – раіць Статкевіч.

Агулам у «справе патрыётаў» затрымалі 35 чалавек. Першапачаткова 17-ці з іх выставілі абвінавачанні ў рыхтаванні масавых закалотаў. Прынамсі 20 з ліку затрыманых вінавацяцца ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. На гэты момант за кратамі застаюцца 15 чалавек. Паводле некаторых звестак, іх таксама катуюць і напампоўваюць наркотыкамі.

Валер Руселік

Глядзі таксама
Каментары