Аб'ектыў 27.09.2018 Скрыпалёў атруціў Герой Расеі


Уладзімір Пуцін мае толькі паўмесяца, каб выдаць падазраваных ва ўжыванні хімічнай зброі «Новичок» на брытанскай тэрыторыі. Іначай ён, як прэзідэнт і галоўны ваенны начальнік Расеі, трапіць пад новыя санкцыі Еўразвязу, якія пакуль не публікуюць. Затое штодня з’яўляюцца вынікі расследавання вакол атручвання ў Солсберы. Сёння землякі аднаго з хімічных кілераў, Руслана Башырава, пацвердзілі, што ён насамрэч Анатолій Чэпіга, вайсковы афіцэр.

Масква нясе адказнасць за ўжыванне хімічнай зброі сваймі агентамі выведкі, і цяпер мусіць адказаць за гэта, бо разумее толькі мову сілы. Да новых санкцыяў супраць Расеі ў Генеральнай асамблеі ААН заклікаў не толькі Пятро Парашэнка:

«Праз адсутнасць адпаведнага пакарання пасля Грузіі прыйшла чарга Украіны, пасля Літвіненкі – Скрыпалёў, а пасля Алепа – Ідлібу. І Крэмль не збіраецца спыняцца».

Калі ў Лондане атруцілі палоніем Аляксандра Літвіненку, перабежчыка з расейскага ФСБ, сённяшняя прэмʼер-міністарка была міністаркаю ўнутраных справаў. Тады Тэрыза Мэй не хацела псаваць брытанска-расейскіх стасункаў. У выніку атручвальнік Андрэй Лугавой стаў дэпутатам Дзярждумы, а ў Солсберы адбылася спроба забіць перабежчыка з ГРУ Сяргея Скрыпаля. Загінула брытанка, да якой трапіў кантэйнер з атрутаю, замаскаваны пад парфуму. Тэрыза Мэй, прэмʼер-міністарка Вялікай Брытаніі:

«Вялікая Брытанія пабачыла наступствы парушэння нормаў аб хімічнай зброі сёлета ў Солсберы, калі Расея неразважна ўжыла нервова-паралітычную атруту на нашых вуліцах. Вялікая Брытанія падала падрабязныя доказы, дакладна пералічаныя ў абвінавачаннях супраць двух агентаў Расеі аб замаху на забойства, аб захоўванні ды ўжыванні хімічнай зброі».

Цяпер у Радзе Еўразвязу рыхтуюць рэжым санкцыяў супраць асобаў, датычных да ўжывання хімічнай зброі: блакаванне рахункаў, замарожванне актываў, забарона на ўезд. Канчаткова яго прымуць на саміце ў Бруселі 15-га кастрычніка. У Маскве прытрымліваюцца той жа тактыкі, што і ў выпадку збітага расейскімі баевікамі малайзійскага «Боінгу»: вашыя доказы – не доказы, а калі вы нас падазраяце, то спачатку дайце нам матэрыялы следства.

«Яны парушаюць палажэнні 3 ці 4 канвенцыяў і двухбаковых расейска-брытанскіх, і шматбаковых у межах Рады Еўропы аб неабходнасці ў такіх сітуацыях наўпрост уваходзіць у дыялог і абмяркоўваць сітуацыю» – каментуе Сяргей Лаўроў, міністр замежных справаў Расеі.

На сёння вядома, што хімічную зброю «Новичок» у брытанскім Солсберы ўжылі агенты вайсковай выведкі Расеі з пашпартамі на імя Руслана Башырава і Аляксандра Пятрова.

Прэзідэнт Расеі заяўляў, што гэта цывільныя асобы, а не афіцэры вайсковай выведкі.

Але і брытанскі ўрад, і незалежныя журналісты-расследавальнікі вядуць сваё следства. Паводле групы «Bellingcat» і расейскага выдання «The Insider», Руслан Башыраў – гэта Анатолій Чапіга (Anatoliy Chepiga), нарадзінец Амурскай вобласці, афіцэр ГРУ, выпускнік Далёкаўсходняй вышэйшай агульнавайсковай каманднай вучэльні ў Благавешчанску. Ён ваяваў у другой чачэнскай вайне і быў заўважаны ля мяжы з Украінай у 2014-м.

Мала таго, Анатолій Чапіга мае найвышэйшую ўзнагароду «Герой Расеі». Ягонае імя залатымі літарамі ўпісанае ў той самай вайсковай вучэльні. А ўзнагароду – якраз пасля анексіі Крыму і гібрыднай акупацыі Данбасу – Чапігу ўручаў сам Уладзімір Пуцін.

Гэта не адзіны промах расейскіх спецслужбаў, звязаны з атрутаю. Выдавец «Медыязоны» Пётр Вярзілаў, якога цудам удалося ўратаваць і вывезці з Масквы, прыйшоў у свядомасць пад наглядам нямецкіх дактароў.

Надзея Талаконнікава, былая жонка Вярзілава, удзельніца «Pussy Riot»:

«Яны кажуць: ніводная са знаёмых нам атрутаў не можа выклікаць 2-тыднёвае трызненне. Таму спачатку казалі, што гэта мог быць атрапін, прычым яшчэ лекары ў шпіталі Скліфасофскага».

Вярзілава выпісалі з клінікі. У інтэрвʼю выданню «Bild» ён заявіў, што расейскія спецслужбы прафесійна правялі атручванне і маглі выпрабаваць на ім раней невядомы «хімічны кактэйль». Прычынай нападу Вярзілаў называе ягонае расследаванне забойства журналістаў у Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары