Сілавікі збіваюць людзей ні за што


«Тыя мардавароты ходзяць па Менску, а есці ж хочуць» – гэта не пра амапаўцаў выказаўся сёння Аляксандр Лукашэнка, а пра тых, каго сілавікі затрымліваюць, збіваюць, караюць штрафамі і соднямі арышту.

Сёння раніцай у Менску брутальна затрымалі Максіма Харошына, аднаго з уладальнікаў сталічнай крамы «Першая кветкавая». Мужчыну моцна збілі і пры затрыманні, і пазней, у Першамайскім РУУС, так што з міліцыі яго забралі ў шпіталь.

«Зламаны нос, чэрапна-мазгавая траўма, мяккія тканкі, плячо», – пералічвае траўмы Максім.

Адвакатка Максіма Харошына Юлія Леванчук – распавяла, што мужчына не лічыўся афіцыйна затрыманым у Першамайскім РУУС і ніякага дакументу пра затрыманне яму не выдалі. А пры збіванні крычалі, што ён нібыта разабраў вадамёт і падпаліў лецішча Дзмітрыя Балабы, кіраўніка менскага АМАПу.

«З яго словаў, да якіх-кольвек супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні службовых асобаў ці спецтэхнікі ён ніякага дачынення не мае, для яго было здзіўленнем, што былі выказаныя нейкія абвінавачанні ў ягоны адрас», – кажа Юлія Леванчук.

Паколькі ў дачыненні Максіма Харошына быў неправамерна ўжыты гвалт, адвакатка плануе падаць скаргу ў Следчы камітэт. Каб падтрымаць Максіма Харошына, у ягонай краме менчукі набываюць кветкі.

«Ён дарыў кветкі, хадзіў на мітынгі, дзяўчатам, таму мы вырашылі падтрымаць яго сёння і набыць кветак. Кожны можа аказацца сёння ў такой сітуацыі – быць незаконна затрыманым, збітым, адпраўленым у краму, турму», – кажуць наведнікі крамы Карына і Арцём.

Жонцы Максіма паведамілі, што яго затрымалі паводле адміністратыўнай справы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

«Мы не рабілі нічога супрацьзаконнага. Мы хадзілі на мірныя акцыі», – кажа Кацярына Харошына.

Нічога супрацьзаконнага не рабілі і незалежныя журналісты з Берасця – Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава. Іх затрымалі ў нядзелю ў цэнтры гораду, дзе яны планавалі асвятляць мірныя акцыі. Пасля затрымання абаім стала кепска: Алеся хуткая забрала ў шпіталь, Мілана дасюль пад вартаю.

«Яе адмыслова трымаюць у Ленінскім РАУСе, гэта асабісты загад Мікалая Самасюка, які помсціць Мілане за яе актыўную працу асвятлення розных пратэстаў 48 ён калі з ёй размаўляў, як мне стала вядома ад адваката, так і сказаў: пасядзі яшчэ ў нас тут», – кажа Алесь Ляўчук.

Да журналісткі таксама выклікалі хуткую, перадачы для яе не прымаюць. Пакараць арыштам Мілану Харытонаву не могуць: у яе – няпоўнагадовае дзіця, але з судом цягнуць да апошняга моманту. Не спяшаліся і ў Менскім гарадскім судзе разглядаць скаргу на пастанову ў справе аб адміністратыўным правапарушэнні баскетбалісткі Алены Леўчанкі, затрыманай 30 верасня. Сёння скаргу адхілілі. Прызёрка чэмпіянату Еўропы мае цалкам адбыць 15-цісодневы арышт за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Падтрымаць Алену Леўчанку ў залу суда прыйшлі ейныя сябры ды калегі.

«Важна, што нават на разгляд апеляцыі прыйшло столькі людзей падтрымаць Лену, і я ўпэўнены, што сотні тысяч падтрымаюць яе па ўсёй краіне. Лена – баец, і гэтыя 15 содняў зробяць яе толькі мацнейшай. Мы будзем яе сустракаць у чацвер раніцай ля Акрэсціна», – кажа былы баскетбаліст зборнай Беларусі Ягор Мешчаракоў.

Праект «Медиазона Беларусь» апублікаваў адмысловае даследаванне пра ґвалт за час пратэстаў. Яно паўстала дзякуючы дакументам, якія «Медиазона» атрымала ад крыніцы ў Следчым камітэце.

Паводле даследавання, толькі ў Менску цягам жніўня і верасня ад дзеянняў сілавікоў пацярпелі прынамсі 1376 чалавек. Гэтай статыстыкі дзяржаўныя органы ніколі не публікавалі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»