Сілавікі вярнуліся да тактыкі масавых затрыманняў


Пасля кароткай паўзы суды і затрыманні актывістаў вярнуліся. Толькі ўчора на плошчы Незалежнасці ў Менску, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», затрымалі 30 асобаў. Каля 100 чалавек працаўнікі АМАПу заблакавалі ў будынку Чырвонага касцёлу, зачыніўшы цэнтральную браму.

«Гэта нельга акрэсліць і даць канкрэтную адзнаку таму, што адбылося. У XXI стагоддзі, здавалася б, у прававой дзяржаве, – такое ўвогуле не магчыма. Мы не робім сегрэгацыі: ты тут з мітынгу – не ўваходзь у касцёл. Касцёл адчынены для кожнага чалавека», – кажа прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько.

Паводле сведкаў гэтых падзей, сілавікі затрымлівалі выключна мужчынаў. Аднак дасталася і грамадскай актывістцы Ніне Багінскай, якая адмовілася прыбіраць бел-чырвона-белы сцяг на загад АМАПу. Тады яго ў жанчыны груба адабралі.

«Я заўжды пачувала сябе не рабой, а свабодным чалавекам, таму я і падтрымліваю гэты рух з 80-х гадоў і пакуль жывая, я не баюся гэты АМАП. А калі будуць штосьці ў мяне забіраць, як бандыты, я буду бараніць сваю маёмасць, я магу біць нагамі, магу лаяцца, і гэта – культурна. Ну, культурна», – распавядае грамадская актывістка Ніна Багінская.

Бадай, гэта было першае адкрытае масавае затрыманне людзей пасля хвалі гвалту падчас мірных пратэстаў 9, 10 і 11 жніўня.

«Яны жадаюць перачакаць, калі імпэт у народу сціхне, яны перастануць выходзіць на дэманстрацыі масава. А з іншага боку, яны пачынаюць падціскаць. Гэта заўважна на працягу некалькіх апошніх дзён. Пазаўчора было ля 50 чалавек па краіне затрымана. Учора толькі ў Менску – 30 чалавек, і таксама адбываліся затрыманні ў рэгіёнах. Мне падаецца, што ў бліжэйшыя дні такую тактыку мы будзем назіраць», – мяркуе сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Працягваюць ціснуць на актывістаў страйкамаў. Сёння стала вядома пра звальненне прэс-сакратара страйкаму «Беларуськалію» Глеба Сандраса паводле артыкулу за прагулы працы. На 10 содняў асудзілі лідара страйкаму Менскага трактарнага заводу Сяргея Дылеўскага, да таго ж – сябра прэзідыуму Каардынацыйнае рады. Адвакаты нават не ведаюць, дзе ён.

«Асаблівы ціск аказваецца на прадстаўнікоў страйкамаў на прадпрыемствах. Таму што гэта самая небяспечная для ўладаў зʼява – страйк. І яны вельмі асцерагаюцца страйкаў, таго, што прадпрыемствы і заводы стануць, перастануць працаваць, і гэта будзе вельмі сурʼёзная праблема для іх», – кажа Валянцін.

Не пусцілі абаронцу і да сябры прэзідыуму Рады Вольгі Кавальковай, якую асудзілі на содні за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. У Следчы камітэт працягваюць па чарзе выклікаць іншых прадстаўнікоў Каардынацыйнае рады. Сёння з раніцы на допыце была Марыя Калеснікава. Як і ўсе астатнія, яна адмовілася сведчыць супраць сябе, а таксама дала падпіску аб неразгалошванні.

«Мы ў чарговы раз гэта бачым. Гэта інструмент уціску на грамадскую супольнасць, і ўлады адмаўляюцца слухаць сваіх грамадзянаў, такім чынам прымяняючы да іх гвалт», – зазначае чалец прэзідыуму Каардынацыйнае рады Марыя Калеснікава.

Звярнуліся да праваабарончага цэнтру «Вясна» і студэнты, якіх выклікаюць на размовы ў навучальных установах з пытаннямі самаарганізацыі студэнцкіх радаў і супольнасцяў, нагадваюць пра верагодныя магчымасці крымінальнае адказнасці за актыўны ўдзел у акцыях. Праваабаронцы раяць не ўтойваць фактаў уціску, рабіць іх публічнымі, што ўскладніць працу сілавых органаў.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»