Сілавікі сыходзяць масава і ціха


Сілавы апарат Аляксандра Лукашэнкі слабее штодня. Пра масавыя, хоць і непублічныя, звальненні з міліцыі, АМАПу пракуратуры і іншых структураў распавялі іх былыя працаўнікі, якія з‘ехалі за мяжу ад магчымых рэпрэсіяў. Тым часам з‘явіліся новыя відэадоказы злачынстваў з боку міліцэйскага кіраўніцтва.

Не ўсе міліцыянты пагадзіліся катаваць дэманстрантаў, не ўсе пракуроры – шыць крымінальныя справы супраць пацярпелых падчас разгону. І пасля выбараў Аляксандр Лукашэнка паступова губляе падтрымку сярод сілавікоў. Пра масавы адток кадраў з беларускай міліцыі сёння даведаўся ўвесь свет – у аўтарытэтным амерыканскім часопісе «Foreign Policy» выйшаў артыкул выканаўчага дырэктара аналітычнага цэнтру ISANS Уладзіміра Кобеца і былога памочніка дзяржсакратара ЗША Дэйвіда Крэймэра.

ISANS мае інфармацыю прынамсі пра 300 рапартаў аб звальненні з Міністэрства ўнутраных справаў на канец жніўня. На пачатку лістапада колькасць працаўнікоў унутраных справаў Менгарвыканкаму скарацілася на 18 %, а ў Цэнтральным РУУСе знікла амаль траціна персаналу.

«Большасць сыходзіць ціха. І гэта натуральна. У людзей ёсць сем’і, і яны непакояцца пра тое, што можа здарыцца. Але гэта не значыць, што яны не перадаюць інфармацыю. Таксама вельмі шмат людзей, якія сыходзяць дзеючымі, выязджаюць за мяжу і далучаюцца да ByPol», – тлумачыць Уладзімір Кобец.

«ByPol» – ініцыятыва, да якой далучыліся былыя працаўнікі розных сілавых ведамстваў. Яны дапамагаюць тым, хто звольніўся, каб не ўдзельнічаць у рэпрэсіях, а таксама збіраюць у калегаў, апрацоўваюць і публікуюць сведчанні зверстваў сілавых структураў у межах праекту «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў». Сёння ўпершыню былі апублікаваныя відэафайлы з гарадскіх камераў назірання ў Менску. На здымках бачна, як 9-га жніўня каля стэлы сілавікі ў спецэкіпаванні закідвалі гранатамі ды стралялі з драбавікоў у людзей, якія выйшлі на вуліцу даведацца вынікі выбараў. Ніякай арматуры і камянёў у пратэстоўцаў на відэа няма.

«У нас ёсць звесткі, што планавалася правакацыя. Планавалася захапіць будынак Менгарвыканкаму, інсцэніяваць захоп, і потым жорстка людзей адтуль выціснуць. Але гэтага не адбылося, людзі пайшлі да Стэлы», – распавёў у эфіры расейскага тэлеканалу «Дождь» Павел Латушка, чалец прэзідыуму Каардынацыйнай Рады.

Таксама ёсць і відэа з камераў назірання 12-га жніўня. Уладзімір Кобец кажа, што падзеі тых дзён былі задакументаваныя і ў шпіталях, інфармацыю не змаглі засакрэціць, таму ў будучага следства не будзе ніякіх праблемаў дакладна ўстанавіць, хто менавіта калечыў людзей.

«Тыя працаўнікі пракуратуры, у тым ліку Генеральнай, якія выехалі і сёння працуюць, дакументуюць гэтыя факты, падкрэслівалі: тое, што гэтая зброя ўжывалася менавіта па людзях, а не для разгону пратэстаў, менавіта гэта стала прычынай адыходу з працы многіх прадстаўнікоў сілавых структураў», – кажа Уладзімір Кобец.

А што б вы сказалі, калі б сёння ваш блізкі захацеў пайсці служыць у міліцыю?

Вось што кажуць жыхары і госці Менску:

«Міліцыя была ва ўсе часы, і пры цары».

«Не такая і кепская прафесія. Чаму ўсе азлобіліся – незразумела».

«Таму што згубілі павагу».

«Я б не сказаў, што цяпер такое падраздзяленне правапарадку, як міліцыя, займаецца правапарадкам. Яно займаецца толькі падтрымкай аднаго чалавека пры ўладзе».

«Я хацела калісьці, каб дачка пайшла ў школу міліцыі, а цяпер не хачу».

«Гэта беспредельшчыкі».

Адзінае выйсце для сілавікоў – спыніць спрыянне незаконнай уладзе, кажа Уладзімір Кобец. Пазбегчы адказнасці за ўдзел у рэпрэсіях немагчыма, але можна яе змякчыць супрацай са следствам, калі сілавік не меў дачынення да забойстваў, катаванняў і згвалтаванняў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»