Сілавікі губляюць ананімнасць


Стрэл у паветра, слезацечны газ, брутальнае затрыманне 73-гадовай Ніны Багінскай і маладой цяжарнай жанчыны. Гэтак сілавікі ваявалі з народам у мінулыя выходныя.

У адказ на гвалт тэлеграм-канал «Нехта» з дапамогай групоўкі «Кіберпартызаны» апублікаваў звесткі звыш як дзвюх тысяч працаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў.

«Я лічу, што гэта няправільна з адной простай прычыны – дзеці і жонкі гэтых людзей не павінныя несці адказнасці за іхныя дзеянні».

«Я думаю, крок правільны – але вока за вока, зуб за зуб, як гаварыцца. І ў нас не тыя людзі, каб яны дзеялі вельмі жорстка. Я думаю, нікога не заб’юць, не зарэжуць. Думаю, нейкія налепкі, нейкія апавяшчэнні з’явяцца на раёнах. Людзям стане сорамна. Лепш дзеяць у рамках закону».

«Заклікі да сілавікоў абсалютна ніяк не дзеюць на іх, яны проста не чуюць іх, і гэты крок – публікацыя іх звестак – заклік да нейкіх дзеянняў супраць іх, гэта адабʼецца ў горшы бок і будзе ўспрынята з іх боку як агрэсія», – кажуць жыхары і госці Віцебску.

Публікацыю спісу асабістых звестак міліцыянтаў пракаментавала прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Вольга Чамаданава.

«У нас ёсць галоўнае ўпраўленне службы ўласнай бяспекі, кадравы апарат. Мы адназначна адрэагуем. Якім чынам – вы ўбачыце», – заявіла Чамаданава.

Рэагуюць на падзеі ў краіне і самыя міліцыянты. Звальненнем.

«Я, Плотнікаў Зміцер, міліцыянт роты міліцыі Полацкага аддзелу Дэпартаменту аховы, звальняюся з органаў унутраных справаў, бо не збіраюся выконваць злачынныя загады, якія супярэчаць Канстытуцыі», – кажа ў відэазвароце Плотнікаў.

У фонд салідарнасці «BYSOL» – створаны для падтрымання тых, хто застаўся без працы з палітычных прычынаў, – на сёння звярнуліся каля двухсот сілавікоў. Дапамогуць кожнаму, запэўнівае сузаснавальнік фонду Андрэй Стрыжак.

«Кожны з сілавікоў, хто не парушае закону, хто не ўдзельнічаў у гвалце, у збіцці, у катаваннях мірных дэманстрантаў, мае магчымасць атрымаць месца ў новай паліцыі новай Беларусі. І гэта трэба разумець, што фонд «BYSOL» дакладна не будзе зараз займацца тым, чым павінны займацца суд. Ніхто з нас не можа выносіць прысуды па дзейнасці чалавека», – гаворыць сузаснавальнік фонду салідарнасці «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

На рашэнне Міністэрства інфармацыі ў Беларусі сёння абмежавалі доступ да сайту «BYSOL». Аднак высветлілася, што ў чорны спіс унеслі зусім іншы сайт.

«Улада настолькі крыварукая, што яна нават не можа заблакаваць сайт такі, як трэба, бо наш сайт – гэта не bysol.by, а bysol.org. І гэта вельмі добра ілюструе тое, як яны ўмеюць працаваць з тымі спецыфічнымі рэчамі, з якімі яны нібыта павінны ўмець працаваць», – зазначае Стрыжак.

Тыя, хто цяпер чыніць гвалт у балаклавах, хочуць застацца невядомымі – кажа былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў; абнародаваныя ж спісы сілавікоў – сведчанне таго, што ніхто не схаваецца.

«Мне хочацца сказаць ад сябе: «забаўляйцеся» пакуль, таму што потым усё будзе ў адпаведнасці з законам. І ўсё, што вы зрабілі, – за ўсё давядзецца адказаць. А калі давядзецца адказаць – вы будзеце як фашысты потым, вашыя дзеці будуць вас саромецца і ўнукі будуць вас саромецца», – папярэджвае чалец Каардынацыйнай рады, былы міліцыянт Мікалай Казлоў.

На думку Мікалая Казлова, спіс мусіць пашырацца. Гэткага ж меркавання трымаюцца і аўтары каналу «Нехта» – у другой палове дня база папоўнілася звесткамі 70 амапаўцаў з Віцебску.

Анастасія Русецкая, «Белсат»